Новая кіраўнічка “маладзёўкі” АГП: “Трэба пачынаць невялікія кампаніі ў рэгіёнах”

Пра з’езд і перспектывы далейшай дзейнасці расказвае новаабраная кіраўнічка.

 

Аляксандра Васілевіч: На з’ездзе прысутнічала 34 дэлегаты з 43 агулам вылучаных з розных абласцей Беларусі. Гэта пры квоце адзін з 10 сяброў арганізацыі. Я загадзя ведала, што мяне будуць вылучаць на гэтую пасаду. Аднак мне самой было цікава тое, што я была адзіным кандыдатам і за мяне прагаласавала столькі людзей.

 

Хто быў папярэднім кіраўніком, і чаму ён адмовіўся ад гэтай пасады?

 

Дагэтуль кіраўніком моладзевай структуры АГП быў Алег Корбан, але ж ён на папярэднім з’ездзе партыі АГП вылучаўся на кіраўніка партыі, а затым на намесьніка кіраўніка. Праз некалькі месяцаў ён сышоў з пасады кіраўніка моладзевай структуры і напісаў заяву аб выхадзе з АГП.

 

Пасля Корбана выконваючым абавязкі быў Зміцер Кавалгін. На самыі з’ездзе, што адбыўся ў мінулыя выходныя, ён адмовіўся вылучаць сваю кандыдатуру. Не ведаю, з чым гэта звязана: можа з асабістымі прычынамі, можа з тым, што чалавек працуе ў цэнтральным офісе партыі ў Мінску і ў яго не будзе сілаў займацца моладзевымі пытаннямі.

 

Сама арганізацыя мае ўжо доўгую гісторыю?

 

У цяперашнім выглядзе Маладыя Дэмакраты з’явіліся ў 2007 годзе. Тады быў першы ўстаноўчы сход моладзевай структуры АГП. Да гэтага часу моладзевымі структурамі былі МХСС-МД, а да гэтага “Грамадзянскі Форум”.

 

Якія бліжэйшыя планы арганізацыі?

 

Па- першае, трэба вызначыцца з накірункамі дзейнасці. Таму што з мінусаў, якія ёсць у арганізацыі – недахоп ведаў па многіх галінах і вельмі малая пазнавальнасць сярод людзей. Таксама трэба паглядзець у якім стане сёння рэгіёны, трэба пачынаць невялікія кампаніі ў рэгіёнах.

 

Як будзе працягвацца супраца з іншымі моладзевымі арганізацыямі?

 

На нашым з’ездзе прысутнічалі і Наста Дашкевіч і Зміцер Вінаградаў і яны казалі пра тое, што згодны сумесна працаваць і трэба будзе сядаць з імі за стол перамоваў. Зміцер казаў, што ў яго ў Гродне няма структур і людзей каб планаваць нейкую супрацу. А апошні год мы ладзілі сумесныя акцыі з моладдзю БХД. Для супрацы мы адкрытыя.