Турмы, забастоўкі, афёры: гарадзенскае жыццё вачыма “левых” газет канца 1920-х

|

“Рэха Працы”, “Зара Працы”, “Наша Праўда”… – кожны нумар аднолькавага па стылі выдання мае сваю назву. Чаму? Польскія ўлады ўвесь час забаранялі папулярную віленскую газету беларускіх “левакоў” – КПЗБоўцаў ды Грамадоўцаў. Таму, пасля чарговага арышту газета мела выходзіць ужо пад новай назвай.

 

“Выпусцілі на свабоду… але за грошы” – адзін з падзагалоўкаў. Справа ідзе аб палітычным вязні 16-гадовым (!) хлопцу Аляксею Анішчыку, які правёў у адзіночцы гарадзенскай турмы перад судом ажно дзевяць месяцаў. Прычына – удзел у дэманстрацыі, сяброўства ў моладзі КПЗБ.

 

Вядома, гарадзенская турма была папулярным месцам адсідкі тагачасных “палітычных” (траплялі туды як тутэйшыя камуністы, так і заходнеўкраінскія нацыяналісты). У гэтым сэнсе традыцыя, як кажуць, не перарвалася. Цікавай падаецца практыка “залогу”: напрыклад, свабода 16-гадовага змагара каштавала 500 злотых, немалых на той час грошай. Гэта заробак палкоўніка польскай арміі альбо кошт 1,5 гектара зямлі…

У святле апошніх падзеяў на скураной фабрыцы, падаецца цікавай нататка 1928 г. аб забастоўцы нарыхтоўшчыкаў скуры. Назва характэрная: “Перамога рабочых”. Працоўныя высунулі ўльтыматум гаспадарам: падвысіць заробак на… 40 % (!) альбо тыя ўчыняць забастоўку.

 

Як не дзіўна, гаспадары пагадзіліся – кароткі страйк быў згорнуты. Гарбарныя заклады, дарэчы, як і зараз месціліся па вул. Гарбарнай у Новым Свеце.

 

А вось у страйкераў з паравога млына Касоўскага (знесены будынак на сучаснай вул. Васілька) справа пайшла больш складаным шляхам… Гаспадар, доўга не думаючы “дзеля бясьпечнасьці (каб чаго-колечы ня выйшла з боку бастуючых) выпісаў з камэнды 2-х паліцыянтаў, (…) якім ён плоціць за гэтую вось службу 40 зл. у дзень”.

 

Атрымліваецца, гаспадар не проста выклікаў паліцыю, але аплочваў яе паслугі індывідуальна, што ўжо цалкам нагадвае “крышу”, а не дзяржаўнае ведамства. “Дык паглядзім чым гэта ўсё кончыцца?” – рэзюмуе аўтар артыкула.

 

Знайшлося ў наскрозь палітызаваным выданні месца і кур’ёзу. “Раней лігіяністка, цяпер крыміналістка” – так адна з газетаў за 1928 г. коратка апісвае гісторыю жанчыны, якая, выдаючы сябе за хлопца, спачатку адслужыла ў легіёнах Пілсудскага, пасля – …паспела нават двойчы ажаніцца.

 

Сама авантурыстка была арыштавана паліцыяй у Гродне, фактычна падчас шлюбнай цэрэмоніі ў Бернардынскім касцёле. “Паліцыя думала, што мае дачыненьне з гэрмафрадыткай, пазвала лекарскую камісію…” Вердыкт камісіі, аднак, быў адназначным: “настаяшчая жанчына”. Скандальны выпадак стаў вядомым не толькі ў Польшчы, але і за акіянам.

 

Цікава, што знойдзе апантаны чытач у нашых газетах год праз 80? Хіба тое самае: турмы, забастоўкі, аферы…