Кожны Рым мае быць разбураны
Рэд’ярд Кіплінг насамрэч вельмі смела выказваўся на гэты конт: “Была б Англія слабой, я кінуў бы яе”. Не будзем забывацца, што Англія часоў Кіплінга – наймацнейшая ў свеце і поўная сіл звышдзяржава. Англія не проста валодала тэрыторыямі, а стварыла свой сусвет: “British Empire” накшталт “Pax Romana”, з мовай, традыцыямі, эканамічай сістэмай, паравымі механізмамі… Англіяй часоў Кіплінга захапляцца варта – нават калі вы індус.
Чым можна захапляцца ў сучаснай пуцінскай Расеі? Не ведаю. Як можна яе любіць – …не задавайце такіх складаных пытанняў. Любіць Расею мог Аляксандар Салжаніцын у ГУЛАГу, Андрэй Сахараў у ссылцы ў Горкім, Юры Шаўчук падчас гастрольнага тура ў Грозным. Захапляцца Расеяй можа Мікалай Чаргінец на дачы пад Мінскам, Павал Шарамет на Хрэшчаціку альбо Вадзім Гігін у ЖЖ.
Любіць Расею можна толькі ў яе страшных “мядзвежых” абдымках. Захапляцца – толькі на адлегласці. Зыходзячы з гэтага, лягчэй за ўсё захапляцца Расеяй з Крамля – як з самай аддаленай ад яе кропкі. Так, напрыклад, і робіць Пуцін.
Армія жыве на маршы, імперыя – падчас экспансіі. Таму наша нацыянальная незалежнасць заўжды для Крамля будзе варыяцыяй сепаратызму, а дзяржаўны суверынітэт – нацыяналізму.
Вы думаеце, што расейская экспансія – гэта вайсковыя самалёты ў Баранавічах ці вучэнні “Захад-2009”? На пачатку гэтага года ў “Независимой газете” ВВП выказаўся наконт важнай ролі расейскай культуры для постсавецкіх дзяржаваў. Інтэрнэт, тэлебачанне, фільмы, “вконтакте”, поп-культура – па-расейску і пра Расею – на купу гэта стварае ўражанне, што ўсе мы жывем у межах РФ і ніколі з іх не выходзілі.
Купляеш календарык са Сталыпіным? Не здзіўляйся.
Чытаеш дзецям на нач “Незнайку на Месяцы” Носава? Не здзіўляйся.
Кажаш за мяжой “я рускі” (аб гэтай рысе постсавецкіх грамадзянаў Уладзімір Уладзіміравіч гаварыў асобна)?.. Не здзіўляйся. Нічому і ніколі. Бо ў такім выпадку Расея сядзіць на кухні за тваім сталом, п’е чай (у лепшым выпадку) з блюдца з-пад толькі што дайшоўшага самавару.
Расея – гэта безапеляцыйная “абарона” суайчыннікаў і “нацменшасцяў” (разам з іх мовай) у суседніх краінах. Расея – гэта павальная пашпартызацыя суседніх краінаў (вы ведалі, напрыклад, што ў Грузіі 179 тыс. асоб з расейскімі пашпартамі?). Куды ўжо тут “карце паляка”…
Расея – гэта РПЦ з помнікамі Мікалаю ІІ і адначасова білборды з Распуціным пад Кіевым: «Григорий Ефимович Распутин. Мученик за Христа и Царя. Оклеветан и умучен… Прости нас, Пророче Божий!» Без каментароў, як кажуць.
Расея – гэта “чэкізм”, нефармальны кантроль Масквой усіх постсавецкіх спецслужбаў (акром прыбалтыйскіх ды грузінскіх, хіба). Вы памятаеце хоць адзін канфлікт паміж беларускімі і расейскімі чэкістамі? А вось выпадкаў супрацы, як, напрыклад, незаконны захоп і вываз у Беларусь анархіста Аліневіча альбо праслухоўванне расейскіх апазіцыянераў у Мінску – дастаткова. То бок у плане бяспекі – мы цалкам безабаронныя перад усходнім суседам.
Логіку звыклага расейца (якая не вельмі адрозніцаецца ад логікі ВВП) зразумець нецяжка: нельга так проста ўзяць, і “здаць” “велікую рассію”, атрыманую потам і крывёй на працягу стагоддзяў. Чужой крывёю, не сваім потам… але гэта справы не змяняе. Пазычаеш чужое, вяртаеш – сваё. Вяртаць ніколі не хочацца. Нават калі крэдытораў багата і яны ўжо стаміліся чакаць на двары – гатовыя і ў хату завітаць: “Здароў, суседзе!..”
Расейскі нацыяналізм – гэта заўжды смешна, бо нельга быць “нацыяналістам імперыі” з чувашамі, татарамі, мардвой і дагестанцамі ў купу. Імперыя – заўжды закладнік сваіх абавязковых атрэбутаў: велічы і агрэсіі, таго акурат, што гіпнатызуе яе сучаснікаў альбо гісторыкаў. Чалавек не можа быць заўсёды маладым, баец на рынгу рана ці позна стамляецца… Таму нацыі – вечныя, імперыі – часовыя.
…А кожны Рым мае быць разбураны.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі | ||
Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”
Іншае аўтара:
За што ўкраінцы любяць Лукашэнку?