Машталеры — кар’еры сьмерці

 А вёска такая ў Мастоўскім раёне ёсьць — з базавай школай, з трывалымі хатамі-мураванкамі, збудаванымі яшчэ за польскім часам, зь дзіцячым сьмехам на вечаровай вуліцы. А яшчэ — зь пяшчанымі кар’ерамі, раскапанымі за нейкую сотню мэтраў ад згаданай школы.

На гэтых кар’ерах, даруйце за калямбур, мясцовы калгас і зрабіў кар’еру. Пясок патрэбен усім — і дарогі падсыпаць, і аграгарадкі будаваць. Уся ваколіца ехала і едзе па машталерскі пясок — ледзь не штодня ў тых кар’ерах натужна равуць самазвалы і завіхаюцца экскаватары.

Кар’ер. Жоўты пясочак. Гэтыя быкаўскія асацыяцыі заканамерна прыходзяць на розум, калі стаіш на стромістым беразе машталерскага кар’еру. Бо там, у жоўтым пясочку — скрозь чалавечыя косткі. Чарапы рознай велічыні вывальваюцца са сьценак кар’еру, на дне, проста пад нагамі, — сківіцы, фалянгі пальцаў, галёначныя косткі.

align=”” >

Іх вельмі шмат. У адным кар’еры, у другім… Відно, што на чалавечыя парэшткі тут даўно ніхто не зьвяртае ўвагі. Косткі бялеюць наўзбоч разьежджанай грузавікамі дарогі, на сьцежцы, што вядзе да недалёкага кароўніка.

На кар’ерным дне і вакол — сьвежыя сьляды аўтамабільных пратэктараў. Зусім нядаўна тут хтосьці загружаўся пяском з чалавечымі чарапамі. Куды той груз трапіў? Пад асфальтаўкладчык ці ў падмурак шматкватэрнага дому?

Пра кар’еры сьмерці ў Машталерах мне паведаміў мастоўскі краязнаўца Сяргей Шамбер. Я не паверыў. Усё ж Заходняя Беларусь, дзе даўжэй дзейнічалі цэрквы і касьцёлы, дзе зьневажаньне магілаў заўсёды лічылася вялікіх грахом. Аказалася — усё так і ёсьць. Здабываюць жоўты пясочак, езьдзячы па чалавечых чарапах.

Чые гэта парэшткі? Хто там ляжыць? Невядома. Адназначна пакуль што можна сьцьвярджаць адно: гэта ня могілкі, бо косткі залягаюць пераважна на глыбіні да аднаго мэтра і плытчэй. Так нябожчыкаў не хаваюць. Так сьпехам прысыпаюць ахвяраў.

Уразіла мяне і тое, што ніводзін зь мясцовых жыхароў (апытана было восем чалавек) ня ведае, хто ляжыць у машталерскіх кар’ерах. Распытваем дзевяностагадовую бабулю, а тут вуліцай едзе на ровары колішні дырэктар школы. Неяк насьцярожана гледзячы нам у вочы, расказаў, як аднойчы на дзіцячую пляцоўку пры школе прывезьлі машыну пяску. Дзеці разгрэблі той пясок, а там — чэрап. У настаўніцкую прынесьлі. Але адміністрацыя школы справу вырашыла замаўчаць — пясок быў патрэбен.

У Машталерах не перасяленцы з чарнобыльскай зоны жывуць. Не прыблуды якія. Шэсьць з апытаных самыя сапраўдныя аўтахтоны — і бацькі тут пахаваныя, і дзяды. Звычайна, калі няма праўдзівай інфармацыі пра нейкую падзею, дык хоць легенды мясцовае насельніцтва пераказвае. Машталерцы — як змовіліся: нічога ня ведаем. Павальнае бяспамяцтва, нібы флэш-карту з мазгоў дасталі. Проста за агародамі чарапы аб кузавы бразгаюць, а людзі абыякава махаюць рукой. Маўляў, самім скора ў хвойнік на вечны спачын зьбірацца. Але ці будзе ён вечны? А што калі і на вашых могілках жоўты пясочак камусьці спатрэбіцца…

Мой спадарожнік прыгадвае, як прывозіў у машталерскія кар’еры сьмерці мясцовага дэпутата з Мастоў. Той павохкаў-павохкаў і паабяцаў стварыць адмысловую камісію для расьсьледаваньня. Гады тры ўжо з таго часу прайшло. Відаць, таксама вырашыў замаўчаць справу — ужо на сваім дэпутацкім узроўні.

Звычайна, на месцах масавых пахаваньняў знаходзяць манэты, асабістыя рэчы і паводле іх робяць пэўныя высновы. У кар’ерах сьмерці ў Машталерах знойдзены пакуль што толькі адзін рэчавы доказ — бляшаная скрыначка 1816 году. Больш нічога. Але рэчавыя доказы знаходзяць, калі адпаведным спосабам шукаюць. Экскаватарным каўшом памахаўшы, няшмат знойдзеш…

Вандалізм у Машталерах працягваецца ўжо ня першы дзясятак гадоў. Пакаленьні ўзрасьлі, моўчкі сузіраючы чарапы ў пяску. І нікому зь мясцовых начальнікаў (з Глядавіцкага сельсавету, з Мастоўскага райвыканкаму) не прыйшло ў галаву спыніць той калгасны вандалізм, закансэрваваць кар’еры, правесьці асьцярожныя археалягічныя дасьледаваньні. Бо кар’еры тыя — уладаньні сьмерці, за разбурэньне якіх яна можа і адпомсьціць. Жоўты пясочак з пустых вачніцаў — будматэрыял ненадзейны.

 

Радыё Свабода