Некалькі гадзін не працавалі вэб-старонкі польскіх консульстваў у Беларусі (абноўлена)

|

Праз 20 хв. ад пачатку рэгістрацыі спынілі працу вэб-старонкі польскіх консульстваў у Гродне і Брэсце, а таксама польскай амбасады ў Мінску.

 

З-за невядомых пакуль прычын недаступны таксама сайт польскага Міністэрства замежных справаў.

 

Напярэдадні была з’явіўшыся інфармацыя, што 18 і 19 траўня рэгістрацыя візавых анкет будзе магчымая толькі з кампутараў з беларускімі IP-адрасамі. Аднак і гэта было некалькі гадзін немагчыма. Праца сайтаў аднавілася толькі пасля абеда 18 траўня.

 

Праблемы з онлайн рэгістрацыяй доўжацца з верасня 2011 г. Гэтым імгненна скарысталіся сотні рознага кшталту фірм-пасярэднікаў, якія за 100-200 даляраў гарантуюць сваім кліентам рэгістрацыю.

 

Шчыруюць на візавых праблемах беларусаў і рознага кшталту аферысты-адзіночкі.

 

Польскі бок наракае на беларускіх хакераў, якія дапамагаюць такім фірмам “праграмамі-скрыптамі”, што дазваляюць “перахопліваць” вольныя для рэгістрацыі даты, аднак не прымае аніякіх дзейсных мераў для таго, каб выправіць сітуацыю.

 

Няма вольных датаў. Такі надпіс найчасцей бачаць гарадзенцы, якія самастойна спрабуюць рэгістравацца на падачу візавых дакумантаў

 

Нядаўна ў інтэрнэце з’явілася петыцыя групы беларускіх грамадзян да міністра замежных справаў Польшчы, а таксама антыкарупцыйнага бюро гэтага міністэрства. Аўтары зварота, пад якім падпісаліся ўжо больш за 2,5 тысячы чалавек, патрабуюць ад польскага ўраду навесці парадак у працы сваіх візавых службаў у Беларусі.

 

Змяніць сітуацыю ў лепшы бок магла б больш гнуткая рэакцыя супрацоўнікаў польскіх дыпламатычных пляцовак у Беларусі да візавых патрэбаў асобных групаў грамадзян (сталыя людзі, людзі, якія маюць патрэбу ў частых дзелавых паездках, дзеячы культуры, прадстаўнікі грамадянскай супольнасці і г.д.).

 

Гэта адпавядала б неаднаразовым заявам польскага ўраду пра неабходнасць пашырэння магчымасцяў для кантактаў паміж звычайнымі беларускімі і польскімі грамадзянамі, паміж дзеячамі культуры, навукі, грамадскага руху.

 

Аднак замест гэтага чыноўнікі найчасцей спасылаюцца на “агульную для ўсіх працэдуру”, якая, як бачым, працуе вельмі недасканала.