У Гродне пакажуць першы беларускі фемінісцкі фільм
У праграме сустрэчы, якая адбудзецца па адрасе вул. Будзёнага, 48а-63, запланаваныя прэзентацыя “Што такое гендэрная адчувальнасць і чаму гэта важна?”, прагляд фільма і дыскусія.
Да ўдзелу ў першая частцы сустрэчы, якая пачнецца ў 14.00, запрашаюцца найперш журналісты і адукатары, якія цікавяцца пытаннямі гендэрнай роўнасці. Удзельнікам сустрэчы будзе прадстаўлены Рэсурсны пакет “Гендэрны лiкбез”, які з’яўляецца вынікам працы каманды актывістак, якія прадстаўляюць розныя беларускія няўрадавыя арганізацыі і ініцыятывы.
Кніга ўяўляе сабой “гендэрны адказ” на найбольш істотныя для Беларусі дыскусіі і пытанні, такія, напрыклад, як прадстаўленнасць жанчын у палітыцы, выбар паміж кар’ерай і мацярынствам, права на аборт, гамафобія ў афіцыйным і аппазіцыйным палітычных дыскурсах, выхаванне і магчымасці распрацоўкі гендэрна-адчувальнага падыходу да адукацыіі.
Кожная тэма ўтрымлівае тэарэтычныя уводзіны ў праблему, напісаныя даступнай для неспецыялістаў мовай, вялікую колькасць прыкладаў з беларускага кантэксту, а таксама практыкаванні. Акрамя таго, кніга суправаджаецца дыскам з дадатковымі матэрыяламі і літаратурай па кожнай тэме, а таксама займальным тэстам, які дазваляе выявіць найбольш праблемныя з пункту погляду гендэрнай тэорыіі пытанні.
Рэсурсны пакет “Гендэрны лiкбез” будзе цікавы ўсім, хто мае інтарэс да нефармальнай гендернай адукацыі, як асабістай, так і сваёй арганізацыі ці бліжэйшага кола знаёмых.
Удзел у другой частцы сустрэчы (прыкладна з 17.00 да 19.30) могуць узяць усе ахвотныя.
Ахвотных узяць удзел у гэтай сустрэчы арганізатары просяць папярэджаваць пра гэта да 1 чэрвеня па электронным адрасе irenanovik@gmail.com
У фільме “Сукенка” паказваюцца гісторыі розных па адукацыі, сямейнаму становішчу, узросту і рэгіёну пражывання беларускіх жанчын, якія адкрыта распавядаюць пра свае погляды і пра свой выбар тых ці іншых жыццевых стратэгій.
Кантэкст фільма – свята 8 Сакавіка, які апошнія 50 гадоў фігуруе ў беларускіх і расейскіх СМІ выключна як “жаночы дзень”, хоць раней адзначалася як дзень салідарнасці жанчын усяго свету ў барацьбе за роўныя правы. Новы (патрыярхальны і сэксісцкі – з пункту гледжання актывістак феміністычнага руху) сэнс гэтаму святу быў нададзены ў 60-я гг. дзяржаўнымі СМІ і прадстаўнікамі кіруючай камуністычнай партыі.
Фільм стаў вынікам доўгатэрміновага праекта “Развіццё гендэрнай адчувальнасці як перадумовы гендэрнай роўнасці ў Беларусі”, удзел у рэалізацыі якога брала і гарадзенскае грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар”.
Прэм’ерны паказ фільма адбыўся ў лютым ў сталічнай галерэі “Ў”.
Яшчэ адным “прадуктам” праекта стала выданне брашуры “Гендэрны лікбез”, прысвечанай нефармальнай гендэрнай адукацыі.