Стагоддзе Драгунскага адзначылі ў тралейбусе

Ідэя запуску такога тралейбуса, у якім дзеці праехаліся б па горадзе разам з бібліятэкарамі, належыць загадчыцы Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Гродна Тамары Хламко.

 

“Для нас вельмі цікавая дата, – кажа “Твайму стылю” Тамара Хламко, – ды і сам пісьменнік даволі цікавая асоба. Для паездкі мы абралі дзетак з 4-га класа і ім была цікава не толькі гісторыя Дзяніса Караблёва, але таксама і наш горад, пра які мы ім расказвалі.

 

Быў невялічкі прыпынак на Савецкай плошчы, дзе мы ім распавялі пра тыя помнікі, што тут знаходдзяцца”.

Нагадаем, што аўтар “Дзяніскіных апавяданняў” нарадзіўся ў 1913 годзе ў Нью-Ёрку, у 1914 годзе сям’я вярнулася з Амерыкі ў Гомель. У Савецкія часы ягоныя дзіцячыя апавяданні сталі звышпапулярнымі, па ім здымаліся фільмы, дзе галоўным героем быў хлопчык – Дзяніс Караблёў.

 

“Гэта было першы раз у нашым горадзе, калі мы вырашылі правесці падобную акцыю. Спадзяемся, што і іншыя дзіцячыя бібліятэкі падхопяць нашу ідэю”, – падзялілася ўражаннямі аб акцыі Тамара Хламко.

Генадзь Іванавіч Цвячкоўскі, галоўны інжынер гродзенскага тралейбуснага дэпо, пра “кніжны тралейбус” даведаўся толькі ад нас:

 

“У гэты дзень мы падавалі тралейбус у арэнду прыватнай асобе. Мы зараз даем такую паслугу: любы чалавек можа ўзяць у нас тралейбус у арэнду і праехацца па горадзе.

 

Акрамя гэтага, у нас з’явіліся новыя віды тралейбусаў: тралейбус-цір, які горад выстаўляе ў розных месцах, нядаўна на адзін з маршрутаў горада выйшаў адзіны ў Беларусі адрэстаўраваны тралейбус ЗІУ-682 1990 года выпуску. Менавіта ў ім мы паказваем пасажырам горад на старых фатаграфіях, а на кабіне кіроўцы можна прасачыць як мяняўся кошт талонаў на праезд – ад савецкіх 4-х капеек да сучасных 1500 рублёў”.

 

Здымкі centrlib.grodno.by