Яшчэ адзін артэфакт Паўстання 1863 г.

Не так даўно “Твой стыль” пісаў пра паўстанцкую шпонку ў калекцыі аднаго з гарадзенцаў. Гэтым разам немалады ўжо калекцыянер пагадзіўся паказаць чытачам сапраўдную трайную “чорную біжутэрыю”.

 

“Чорная” альбо “жалобная біжутэрыя” – патрыятычнае ўпрыгожванне, якое служыла азнакай салідарнасці падчас і пасля Паўстання 1863 г. як сярод паўстанцаў, так і сярод тых, хто ім спачуваў.

 

Для Беларусі кожны яе асобнік, за які можна было пацярпець як за царскай, так і за савецкай уладай, з’яўляецца ўнікальным.

…Неяк, годзе ў 1980 да мяне прыйшла калега па працы са жменяй старых манет, – распавядае калекцыянер, які вырашыў не агучваць сваё імя, – усе на прадпрыемстве ведалі, што я збіраю даўніну і цікаўлюся гісторыяй. Там былі польскія міжваенныя злотыя, у тым ліку з партрэтам Пілсудскага. Стандартная гісторыя: разбіралі печку ў радавым доме мужа ды знайшлі. Яшчэ праз нейкі час яна прыносіць і гэты артэфакт…

– Колькі будзе каштаваць?

 

– Ніколькі. Ну, я адразу ў буфет, набыў там самую вялікую шакаладку. З’елі яе папалам…” (смяецца).

 

Тады наш герой яшчэ не ведаў, з якой каштоўнасцю мае справу.

Трохчасткавае ўпрыгожванне, наверсе – герб паўстання: Арол, Пагоня і Арханёл Міхаіл, пасярэдзіне – арол з дзвюмя шаблямі за спіной, пад ім – яшчэ адзін арол ужо на сінім тле.

 

Часткі змацаваныя паміж сабой ланцужкамі, эмаль амаль паўсюдна выдатна захавалася.

 

Жанчына мне казала, што рэч можа быць звязаная з мужавым продкам, які за ўдзел у паўстанні 1863 г. нават патрапіў у Сібір, – працягвае калекцыянер, – Прозвішча ягонае – Аберка ці нешта накшталт гэтага, жыў у Гродзенскім павеце. Пасля толькі праз літаратуру я даведаўся пра “жалобную біжутэрыю” і ўсё тады стала на свае месцы: захаваны артэфакт ён прывёз з Сібіры, пасля чаго той ператварыўся ў сямейную рэліквію. А ў 1939 г. перад наступам бальшавікоў разам з грашыма быў схаваны ў печцы.

 

Са словаў калекцыянера, рэч не мае дакладных аналагаў у польскіх каталогах, якія трапляліся яму пад руку. Пазбывацца “чорнай біжутэрыі” ўладальнік таксама не спяшаецца, хоць і не супраць прадэманстраваць рарытэт, напрыклад, на выставе, прысвечанай юбілею паўстання. Былі б прапановы.

 

Фота аўтара