Пакіcтанскі кірмаш: нятанна, няякасна, няветліва
Падобныя кірмашы заўсёды карысталіся ў гарадзенцаў попытам і мелі вялікую папулярнасць. Што тут скажаш, любім экзотыку!
Калі па горадзе з’явіліся аб’явы аб тым, што такі кірмаш зноў ладзіцца ў Лядовым палацы, гараджане не прамінулі скарыстацца усходняй гасціннасцю. Калі ў мінулыя гады выставы былі ў асноўным індыйскія, дык гэтым разам – пакістанская. Гэта не магло не зацікавіць гарадзенцаў, якія невялічкімі групкамі накіроўваліся ў Лядовы палац.
Памятаецца, у мінулыя гады выстава займала усё памяшканне ўнутры палаца. На такую ж колькасць прадаўцоў мы і разлічвалі, падыходзячы да яго. Аднак, у гэтым годзе ярмарка праходзіць на вуліцы – у вялікім пластыкавым намёце.
Вось так фатаграфаваліся каля намёта гарадзенцы
На ўваходзе – усходнія прысмакі. Некалькі сталоў ломяцца ад рахат-лукума розных гатункаў ды колераў. Тут жа халва. Якой толькі няма: і з гарэхамі, і з фісташкамі, і з мармеладам. Кошты нятанныя – рахат-лукум за 55-85 тысяч, хаця на рынку такі ж можна набыць за 35-45 тысяч. Тым не менш, каля прылаўка тлум і чарга. Халва – 100 тысяч за кілаграм. Гандаль ідзе бойка.
Садавіна і гародніна з камення
“Вось ён, усходні кірмаш”, – думаю я, успамінаючы пра гасціннасць гэтых народаў. Але адразу чую не вельмі ветлівы дыялог усходняга прадаўца з хлапчукамі гадоў 10-12, што цікавяцца коштамі.
“А на колькі пацягне гэты кавалачак халвы? А гэты?” – хлопцы не могуць выбраць, а грошаў, відаць, не так шмат. Прадавец, напэўна пакістанец, адганяе іх ад стала: “Грошы спачатку пакажы, а потым я буду табе ўзважваць”.
Праз якую хвіліну ўвогуле праганяе іх. Здзіўляюся, працягваючы аглядаць выставу. Палова сталоў пустуе, на астатніх нейкі шырпатрэб: невыразнай якасці адзенне, доўгія спадніцы, каляровыя, нібы з бавоўны, сукенкі. Гарбата тая ж, што прадаецца ў крамах. Дзіўна.
Хусткі і шалікі каштуюць ад 55 тысяч
Ідзем далей. Некалькі латкоў з прыправамі.
Прадаўшчыца расхвальвае свой тавар: “Гэта сапраўдны імбір, а не тое, што прадаецца ў крамах. Вы ведаеце, як кітайцы яго вырошчваюць?” – “Вой. Не кажыце мне!” – чамусьці вельмі палохаецца пакупніца.
Прыпраў вельмі шмат. На любы густ. Ёсць нават чорная соль, якую вельмі цяжка знайсці ў нашых крамах. Кошты – 15-20-30 тысяч за пакунак. Прадаюць тут і коўдры, і махровыя рушнікі, і нават бялізну. Вялікія цюкі валяюцца на падлозе і ў праходах. Прыходзіцца абыходзіць. Таўкатня.
Можна набыць і бялізну. Ці яна з Пакістана?
Трохі прылаўкаў з упрыгожваннямі. “А гэта срэбра?” – “Не, проста нейкі метал, сплаў”.
Тавары з Індыі
Адзіны прылавак з індыйскімі таварамі. Бадзёра і энергічна б’е ў тамтам прадавец. Ну, вось нешта аўтэнтычнае: пахошчы, выразаныя з камення і дрэва традыцыйныя сланы, папяровыя ліхтарыкі, бранзалеты, завушніцы…
Хоць нейкая забаўка!
Цалкам абысці гэтую ярмарку можна хвілін за 10. Наведвальнікі дзівяцца і пытаюць, ці гэта ўся выстава? Так, уся. Добра, што ўваход бясплатны.
Здымкі Яна Лялевіча