Па слядах “масакры” ў інтэрнаце
Як было насамрэч? За падрабязнасцямі мы пайшлі непасрэдна ў інтэрнат, дзе пражываюць студэнты фізкультурнага ды педагагічнага факультэтаў. Паколькі выхавацелі пагадзіліся даваць каментар толькі са згоды рэктара ўніверсітэта, давялося “шукаць праўды” сярод студэнтаў.
Шматнацыянальны інтэрнат
Гуртожытак на Пралетарскай, сапраўды можна было б назваць “інтэрнацыянальным”. Туркі, негры, нават адзін кітаец. Аднак асноўныя дзве групы – беларусы і туркмены. “Яны (туркмены – аўт.) паводзяць сябе як гаспадары, ім усё сходзіць з рук…” – канстатуе студэнтка фізфаку.
Міжнацыянальныя канфлікты здараліся, аднак да гвалту звычайна не даходзіла – абмяжоўвалася словамі ды шарпанінай. Тым не менш, па пакоях беларусаў з туркменамі зараз прынцыпова селяць асобна: “Каб жылі разам, былі б бойкі кожны дзень” – з гумарам тлумачаць студэнты. Аднак кухня, душ, санвузел і калідоры – усё агульнае. Не было “сваіх” і “чужых” – да гэтага дня…
Пачатак
Нядзеля, 19 траўня. Позні вечар. Адзін з туркменаў зачапіў беларуса, з чаго і пачалася бойка. “Яны (туркмены – аўт.) нешта адзначалі перад гэтым, дзень нараджэння ці што… П’яныя былі сярод іх”, – распавядае сведка падзеяў. Па меры таго, як тэмпература пачала падымацца, а да канфлікту далучалася ўсё болей людзей, быў зроблены ключавы крок: туркмены па тэлефоне паклікалі на дапамогу суайчыннікаў з іншых інтэрнатаў…
Бойка
“Гэта было паўсюдна, усе бегалі туды-сюды, кагосці шукалі. За пяць год апошніх, кажуць, нічога падобнага не было…” А вось і непасрэдныя падрабязнасці: “Грукаюць у дзверы, хлопец адчыняе, яму з нагі б’юць у грудзі, ён падае, закрываючыся рукамі, яго 20 туркменаў б’юць…” “У 210-м (пакоі – аўт.) выбілі дзверы і пачалі збіваць спячых, адзін з іх у лякарні зараз,” – калі верыць сведчанням, бясчынствы мелі характар ледзь не этнічнай чысткі, аргэсарам у якой выступіў туркменскі бок.
“Іншы хлопец ішоў проста па паверсе з дзяўчынай – яму ні за што зламалі сківіцу, зараз ён у лякарні”. Сведчанні студэнтаў дапаўняе вахцёрка: “Збівалі проста так, ні за што!”
Міліцыя
Супрацоўнікі парадку, спачатку ў выглядзе патрулю, з’явіліся ў інтэрнаце сярод ночы (у інтэрнэце, праўда, пісалі, што ажно а пятай раніцы). Калі стала зразумела, што патрульныя рады не дадуць – была выкліканая падмога. У выніку пад інтэрнатам стаяла каля пяці адзінак транспарту МУС ды машына хуткай дапамогі. Частка ўнутраных войскаў, дарэчы, знаходзіцца зусім непадалёк – на Чырвонаармейскай.
Краты пасля рамонту
Пачаўся хапун. Найбольш актыўныя ўдзельнікі, збольшага туркмены, пачалі разбягацца, у тым ліку праз вокны, ды хавацца. Паколькі вокны, размешчаныя на лесвічных пляцоўках, закратаваныя, хлопцы, не доўга думаючы, пачалі выломваць пруты, каб пасля праз казырок скочыць уніз. “Зараз заварылі, праўда, ды бетонам мацаванні падмазалі, але ўсё адно бачна,” – распавядаюць сведкі.
Той самы казырок
“Выпаўшы ў вакно”
Адной з самых шакуючых падрабязнасцяў акурат і быў эпізод з чалавекам, якога выкінулі ў вакно, растыражаваны ў каментарах блога S13. “Ён збягаў, ды скочыў, ніхто яго не выкідваў”- пераконваюць сведкі.
Пацярпелыя
Наогул, сярод пацярпелых вядомыя толькі двое хлопцаў-беларусаў, якія зараз знаходзяцца ў лякарні з пераломамі сківіцы ды рукі. Ад іх, дарэчы, і зыходзяць, як нам распавялі, заявы ў міліцыю. Пра пацярпелых з туркменскага боку пакуль нічога невядома.
Дзяўчаты
Дзяўчаты гэтым разам не пацярпелі: сядзелі, зачыніўшыся па пакоях, ды трымалі на пагатове рондлі. “Казалі, што на наступны дзень будуць біць усіх без разбору – хлопцаў і дзяўчат… – згадвае студэнтка, – ну, а дзяўчаты казалі, што будуць з рондлямі хадзіць у мэтах бяспекі” (смяецца).
Разбітае шкло на першым паверсе
Пост-фактум
“Чакалася, што будзе працяг, але пакуль неяк замялі,” – расказваюць сведкі. Наколькі нам стала вядома, некалькіх туркменаў усё ж такі дэпартавалі на радзіму, кагосці высяляюць з інтэрнату, пра крымінальную справу пакуль гаворка не ідзе.
“Будзе разбіральніцтва ці не – пакуль ніхто не ведае. Усе думаюць, што як заўжды ўсё сыйдзе з рук, – разводзіць рукамі субяседніца, – Усе былі ў шоку, ніхто гэтага не чакаў…”
Ці будзе гісторыя мець працяг: у канкрэтным інтэрнаце ды горадзе наогул? Ці прывядзе інцыдэнт да фармавання новых і папаўнення ў шэрагах старых ультраправых груповак? Ці стануць міжэтнічныя бойкі вакол – правілам? Ці зробіць, нарэшце, універсітэтскае кіраўніцтва для сябе нейкія высновы?..
Пабачым, упэўнены, неўзабаве.