Дыпламаваных – шмат, адукаваных – мала
Ва ўсім свеце пры павышэнні паказчыкаў узроўню адукацыі ўсё больш людзей імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэта вядзе да скарачэння работнікаў з нізкай кваліфікацыяй. У Беларусі каля 19% грамадзян маюць вышэйшую адукацыю – высокі паказчык. Тым больш, з кожным годам колькасць студэнтаў ВНУ расце.
Аднак многія кіраўнікі прадпрыемстваў адзначаюць, што маладыя спецыялісты адзначаюцца нізкай кваліфікацыяй, а гэта тармозіць працоўны працэс, арганізацыя губляе прыбыткі.
Але вось што цікава – ці з’яўляецца пытанне аб якаснай адукацыі ключавым для абітурыентаў і іх бацькоў?
Якасць – перадусім?
Як паказваюць апытанні і публікацыі ў СМІ ні абітурыенты, ні бацькі па гэтым пытанні сказаць нічога не могуць. Іх больш хвалюе кошт навучання, далейшае працаўладкаванне, нізкі ўзровень зарплат маладых спецыялістаў. Зрэдку можна пачуць пра прэстыж прафесіі.
Нават выпускнікі ўніверсітэтаў, якія правучыліся пяць год, ніколі не чулі пра стандарты вышэйшай адукацыі! А аб наборы кампетэнцый, якія яны павінны былі засвоіць для атрыманай прафесіі, тым больш.
Той самы набор кампетэнцый распрацоўвалі вядучыя ВНУ краіны, яны прапісаны ў стандартах адукацыі ўжо больш за 10 гадоў. Стандарты праходзяць працэдуру ўзгаднення на розных узроўнях і ў розных інстанцыях, але толькі не з патэнцыйнымі працадаўцамі.
Здавалася б, менавіта працадаўца павінен вызначаць неабходныя кампетэнцыі. На жаль, гэтага не адбываецца: стандарт піша ВНУ, закладваючы ў яго тое, што можа і што неабходна, а працадаўца зусім не імкнецца працаваць над чужым дакументам і ўносіць, у лепшым выпадку, касметычныя праўкі.
У сусветнай практыцы, у прыватнасці, у Еўрасаюзе, падыход рэалізаваны праз сістэму прафесійных стандартаў, якія ўтрымліваюць пералік і кампетэнцыі. Але такі стандарт пішацца не для вузаўскай спецыяльнасці, а для прафесіі, з улікам пажаданняў і заказу працадаўцы.
Розніца для нашай сістэмы адукацыі істотная і вельмі адчувальная, паколькі прафесія і запісаная ў дыпломе спецыяльнасць, якая мае, строга кажучы, толькі акадэмічны сэнс, зусім не адно і тое ж.
З’яўленне прафесійных стандартаў ізноў паставіць пад пытанне Кодэкс аб адукацыі. Відавочна, многія спецыяльнасці могуць проста знікнуць, паколькі вырашаюць у цяперашні час праблемы ВНУ, а не рынку працы. Дзе-нідзе і праграму на цяперашнія мінімальныя чатыры гады навучання скласці не змогуць, паколькі навучальны план набіць будзе няма чым.
Але гэта нават не затраты інавацыйнага працэсу, а хутчэй выпраўленне раней дапушчаных памылак. Верагодна, прыйдзецца нарэшце і да магістратуры паставіцца сур’ёзна, перакінуўшы на гэтую прыступку шэраг найбольш складаных кампетэнцый, якія ва ўмовах масавай вышэйшай адукацыі цяжка забяспечваць.
“Абяцанкі-цацанкі”?
Парадокс сённяшняй уступнай кампаніі ў тым, што прапанаваных месцаў у ВНУ, больш, чым жадаючых атрымліваць адукацыю. Вышэйшыя ўстановы павінны змагацца за студэнтаў, згодна з планам месцаў.
Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы пайшоў у гэтым далей за многіх. На сайце ўніверсітэта выкладзеная Праграма па прыцягненні абітурыентаў і складаецца яна з шасці прапаноў (праграм). Сярод іх: “Універсітэт – твой дом” (прадастаўленне месца ў інтэрнаце), “Да вяршыні Алімпа” (прыярытэтнае права ўдзелу ў абменах і замежных стажыроўках), “Паспяховы старт” (зніжкі на літаратуру і моўныя курсы, бясплатнае вывучэнне дысцыплін іншых спецыяльнасцей і г.д.), “Пакліканне – настаўнік” (розныя бонусы для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей), “Лепшы настаўнік маёй школы” (для настаўнікаў абітурыентаў) і “Школа поспеху” (для школ, дзе навучаліся абітурыенты).
Першакурснікам прапануецца “ўнікальная магчымасць” з прадастаўленнем “дадатковых магчымасцяў для старту ў прафесіі, спорце, навуцы і бізнэсе”. Удзельнікамі праграмы могуць стаць, напрыклад: пераможцы і ўдзельнікі міжнародных алімпіяд, дзясятая частка (10%) першакурснікаў кожнай спецыяльнасці, якія набралі па двух прадметах профільных уступных выпрабаванняў найбольшую колькасць балаў, школьныя настаўнікі абітурыентаў і г.д. – для кожнай праграмы свае крытэрыі.
Юрыст і эксперт працоўнай групы “Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларусю” Алег Граблеўскі адзначае:
“Універсітэт, як умее, спрабуе прыцягнуць патэнцыйных студэнтаў. Такая ініцыятыва – адступленне ад прадпісанняў Кодэкса аб адукацыі, спроба праявы універсітэцкай аўтаноміі і гэта трэба вітаць.
Хоць выклікаюць пытанні прыёмы, якія выкарыстоўваюцца і той сэнс, якое ўкладвае вядучы ВНУ Гродзеншчыны ў паняцце “права”. Мець права быць падзячным лістом рэктара – гучыць як загадкавае абяцанне.
Не ясна, ці з’яўляецца права на індывідуальную траекторыю пераважным альбо гэта агульнае права ўсіх студэнтаў. Калі проста маюць права, то чым гэта можа зацікавіць? Толькі тым, што індывідуальная траекторыя даступная толькі ў Гродне?
“Школа поспеху” – абмен студэнтамі. Якімі студэнтамі мяняюцца універсітэт і школа? Ці гатовы ўніверсітэт дыскутаваць па гэтых пытаннях, ці хаця б выказаць сваё меркаванне?
Гэта пытанні на паверхні, але універсітэт не дае на іх адказаў”.
Тое, што беларуская сістэма адукацыі мае патрэбу ў мадэрнізацыі, відаць няўзброеным вокам. Пра гэта кажуць як вынікі ўступных выпрабаванняў, якія паказваюць слабую падрыхтоўку выпускнікоў сярэдняй школы, так і тое, што ні аднаго беларускага ВНУ няма ў спісе 500 лепшых універсітэтаў свету.
Грамадскі дыялог – вось у чым востра мае патрэбу наша сістэма адукацыі. Каб усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу на роўных маглі абмяркоўваць праблемныя сферы і сумесна распрацоўваць рэформы. Сёння з гэтага працэсу “выкінутыя” вучні, іх бацькі, выкладчыкі, працадаўцы, НДА.
Ключавыя пытанні вырашаюць у Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрстве адукацыі і падведамных органах. Усе ж астатнія ўдзельнікі працэсу, нягледзячы на тое, што фінансуюць адукацыю ў краіне, з’яўляюцца проста выканаўцамі загадаў і справаздач велізарнай бюракратычнай машыны.
Пакуль грамадзянская супольнасць сур’ёзна не ўсведамляе гэта, наша адукацыя не стане лепш. І наўрадці ў бліжэйшы час мы будзем ганарыцца сусветнымі адкрыццямі і поспехамі беларускіх спецыялістаў і навукоўцаў.
Здымкі grsu.by, aif.by