Дзень адкрытых дзвярэй: аграсядзібы стаміліся працаваць з шумнымі кампаніямі
Па праграме першай значылася сядзіба “Царское село”, што ў в. Свіслач Гродзенскага р-на, дзе абяцалася анімаванае прадстаўленне. Калі можна назваць анімацыяй трох чалавек у нацыянальных строях, якія сустракалі гасцей з хлебам-соллю, то няхай так і будзе, была анімацыя.
Жанчыны праспявалі “Добры дзень Вам, добрым людзям”, сказалі яшчэ пару прывітальных слоў на беларускай мове, і ўсё. Далей праграма пайшла на рускай. Асобна хацелася б выдзяліць Зінаіду Шыдлоўскую, намаганнямі якой сабрана інфармацыя пра палац і род Красінкіх. Бачна, што спадарыня Шыдлоўская апантаная сваей справай, што даказвае музей СПК “Свіслач”, якім яна апякуецца.
У музеі СПК Свіслач
Палац Красінскіх можа быць цікавы турыстам яшчэ і тым, што месціцца ў парку. Захаваліся чатыры алеі: грабавая, каштанавая, ліпавая і алея з белымі акацыямі. На тэрыторыі парка калісьці быў разарый, але да нашага часу не захаваўся. Па словах Зінаіды Шыдлоўскай, пры Марце Красінскай, на беразе ракі Свіслач праводзіліся рыцарскія турніры.
У парку расце чырвоны клён Рэйтэнбаха, які, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, з’яўляецца сімвалам поспеху. Калі адарваць ад яго ліст і захоўваць як амулет, то кар’ерны рост забяспечаны.
Іншы цікавы аб’ект у парку – дуб, які расце блізка ад брацкай магілы. Да дуба любяць хадзіць прызыўнікі, просяць у яго мужнасці, стойкасці, відаць гэтая мужнасць спатрэбіцца ім у беларускім войску.
Сам палац графіні Марты Красінскай зараз выглядае ў лепшай савецкай архітэктурнай традыцыі.
Сядзіба “Царское село” мала адрозніваецца ад іншых беларускіх сядзіб. Гэта можна спісаць на тое, што гаспадары навічкі, працуюць толькі тры гады. Сядзібу выцягвае водасховішча і шыкоўныя краявіды. Дарэчы, менавіта на беразе гэтага водасховішча плануецца пабудова яхт-клуба.
Усе стандартна: спальні, лазня, більярд. Тут вас не накормяць, гатаваць прыдзецца самім. Асноўны паток турыстаў – гэта “аднаднеўкі”. Тыя, хто прыязжаюць шумнай кампаніяй адзначыць якое-небудзь свята. У іх свая індывідуальная праграма. Бываць, праўда вельмі рэдка, сямейныя пары.
Са слоў гаспадара, “тыя турысты, пра якіх пішуць у беларускіх СМІ, вельмі розняцца ад тых, якія адпачываюць”. Напэўна, сам бы хацеў на іх паглядзець.
Чаму такая назва? На вуліцы, дзе зараз знаходзіцца сядзіба, раней былі царскія пабудовы і яна сярод мясцовых і зараз завецца “Царскае сяло”, таму сядзіба і атрымала аднайменную назву.
Далей дэлегацыя накіравалася ў госці да Аксаны і Генадзя Бергераў, сядзіба якіх называецца “Домашний очаг” і знаходзіцца ў в.Жукевічы. Працуюць гаспадары з 1996 года.
Стандартны катэдж і невялікая колькасць дамашняй жывелы. Сабакі, кот, два бараны, ёсць галубятня. Лазня, два басейны з радніковай вадой. Вада ў басейны паступае з крыніцы, але пра тое, як гэта ўплывае на экалогію, гаспадары нічога не сказалі.
Са слоў спадарыні Аксаны, для сваіх гасцей яна піша экскурсійныя маршруты (напэўна, маецца на ўвазе напісанне праграмы, а не турыстычнага маршрута, бо на апошняе, каб яно было якасным, трэба як мінімум чатыры месяцы). Для гасцей была арганізавана невялічкая кава-паўза з узбекскай (!) кухняй і бярозавым сокам.
Далей па праграме шла сядзіба “Погостим в заказнике”, в.Дубінка. Сядзіба месціцца ў Азерскім заказніку. З усіх сядзіб найбольш набліжана да сельскага і экалагічнага турызму.
Гасцей сустракаў калектыў Парэчанскага ДК, які паказаў дэлегацыі этнаграфічны абрад “Завіванне вянка”. Перад вачамі гасцей разгарнулася тэатралізаванае прадстаўленне: маці выдае замуж сваю дачку, у госці прыходзяць самыя блізкія, каб сплесці вянок для маладой, даць ей парады, падрыхтаваць яе да новай ролі. Жанчыны з дапамогай песні, цудоўна паказалі народную мараль і традыцыйныя каштоўнасці.
Гаспадыня сядзібы Ганна Каліноўская можа зрабіць этнаграфічныя святы сваей “фішкай” на якую будуць ехаць турысты, як беларусы, так і замежнікі. Тым больш цікавасць да такіх мерапрыемстваў расце. Хочацца дадаць, што сядзіба праводзіла “Калядкі ў беларускай хатцы”.
Патэнцыял у сядзібы вялікі: аматары фотапалявання здабудуць тут цудоўныя здымкі (можна ўбачыць зуброў, касуль, мядзведзя і іншыз), для аматараў гісторыі – экскурсія на Святое балота; можна ўбачыць дабычу торфа, вузкакалейкі і атрымаць сваю порцыю адрэналіну – па дарогах у заказніку лепш ехаць на джыпах, іншы транспарт можа заглохнуць.
У “Хаце магната” гасцей таксама сустракалі з тэатралізаванай праграмай. Гасцям, каб патрабіць на тэрыторыю сядзібы, трэба было з’есці агурок з медам. Пальмы з пластыкавых бутэлек побач з плеценым плотам, на якім вісяць гаршкі, і песня “яшчэ пад шкварачку ды трэба чарачку…” робяць неадназначнае ўражанне.
Апошняй па праграме была сядзіба “На озере”. Яе можна назваць ветэранам сярод іншых сядзіб. Адна з нямногіх, якія могуць забяспечыць турыстаў харчаваннем і можа працаваць па сістэме “усе ўключана”. На сядзібе праводзілася і “Школа зяленага актывіста”.
“На озере” – гэта не толькі сучасны катэдж з камфортам, але і этнаграфічны комплекс. Ён, праўда, дабудоўваецца. На яго тэрыторыі будзе месціцца карчма (на здымку ўнізе) і таксама будуць праводзіцца этнаграфічныя святы. Гаспадыня Вольга Гардон, як гасцінная і ветлівая гаспадыня, пачаставала гасцей мачанкай, баршчом і іншымі стравамі.
Радуе, што паступова, хай і марудна, ідзе збліжэнне работы сядзіб і турыстычных фірм. Радуе, што праводзяцца такія акцыі. Але інфармацыя не даходзіць да патэнцыяльнага карыстальніка. Сімпатычным падаецца, што многія сядзібы стаміліся працаваць з шумнымі кампаніямі, і хочуць бачыць іншага кліента. У сваю чаргу турыстычныя фірмы могуць забяспечыць гасцей сядзіб цікавымі маршрутамі, праграмамі, што дазволіць зрабіць адпачынак больш якасным і насычаным.
Ганна Шарэнда, турыстычная фірма ТАА “Мерцана”, тэл. +375293311883
Фота з асабістага архіва фірмы (фатограф Галіна Фацеева), а таксама Юліі Каляды