Музей Багдановіча атрымаў у падарунак гіпсавы бюст паэта
Для прысутных выступіла паэтка і выкладчыца ГрДУ Ала Петрушкевіч, якая ўзнёсла распавядала пра паэта і яго жыццё. Жонка скульптара Альгерда Ліпень распавядала пра творчы шлях свайго мужа і знаёмства з ім.
Для Святланы Рапецкай, дырэктаркі музея, сённяшняя падзея вельмі знакавая.
“Такі бюст мы атрымалі ўпершыню, да таго ж перадача скульптуры праходзіць у незвычайны дзень – дзень памяці Алеся Ліпеня. Я думаю, гэта сёння адбываецца не невыпадкова, бо літаральна некалькі дзён таму, 25 траўня, быў дзень памяці Максіма Багдановіча”.
Сам бюст гэта цяжкая, да 20 кілаграм гіпсавая скульптура, і каб яго ўсталяваць спатрэбілася мужчынская сіла. Цяпер ён упрыгожвае гасціную дома, пра які кажуць, што там калісьці жыла сям’я Багдановічаў.
Гарадзенскія гісторыкі сцвярджаюць, што сапраўдны дом Багдановічаў знаходзіўся ў іншым месцы – у цэнтры квартала, а пад дом-музей проста аддалі найбольш захаваны дом у квартале, каб ён мог нагадваць гарадзенцам і гасцям горада пра тое, як жылі Багдановічы.
Здымкі Вольгі Мілавай