Топ-5 вуліц-фантомаў Гродна

|

Канец 1980-х – пачатак 90-х – час зменаў, у тым ліку тапанімічных. Менавіта тады, дзякуючы Тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме і Аляксандру Мілінкевічу, замест вуліц Энгельса, Кашавога, Крупскай з’явіліся Гараднічанская, Вялікая Траецкая, Стэфана Баторыя. Сябры камісіі імкнуліся вяртаць вуліцам гістарычныя назвы альбо даваць імёны выбітных дзеячоў мінулага.

 

Апошняе слова, тым не менш, усё адно заставалася за гарсаветам… Ды і супрацьлеглы бок так проста не здаваў пазіцыі:

 

“Добра памятаю, – распавядае сябар Тапанімічнай камісіі Алесь Госцеў, – як літаральна ў суседнім кабінеце гарвыканкама збіраліся ветэраны, ды абмяркоўвалі нашу ініцыятыву: “Мерзавцы, они и до Льва Толстого добрались!” У міжваенны перыяд гэтая вуліца, наколькі памятаю, насіла імя Якуба Ясінскага…”

 

Бліжэй сярэдзіны 90-х дзейнасць камісіі незаўважна згарнулі – тапанімічная “стабільнасць” перамагла. Тым не менш, зараз мы маем вуліцы Давыда Гарадзенскага, Дамініканскую, Каханоўскага, плошчу Тызенгаўза… Пры гэтым, некаторыя праекты падвіслі ў паветры, нібы заблукаўшы ў часе, а мажліва акурат чакаючы на свой час.

 

Вось некаторыя з іх:


1. Вуліца Вітаўта (Сацыялістычная, перад вайной – Witoldowa). У траўні 1992 г. прапанова аб перайменаванні паступіла ў гарсавет. Ці была прапанова зацверджаная? Хутчэй за ўсё не: шыльды ды юрыдычныя адрэсы засталіся на сваіх месцах. Пры гэтым на сайце Белпошты вуліца мае… дзве назвы. Сацыялістычная – толькі на другім месцы ды ў дужках. То бок, пошта абавязаная даставіць ліст па адрасе: “Гродна, вул.Вітаўта…”!

Вул. Вітаўта на сайце Белпошты


2. Праспект Браніслава Тарашкевіча (Бульвар Ленінскага Камсамолу). Гісторыя з камісіяй ды прапановай вельмі падобная да папярэдняй. Пры гэтым існавала думка перайменаваць БЛК у праспект акадэміка Астроўскага, які меў прамое дачыненне да медуніверсітэта. Кажуць, што яшчэ пару год таму лісты таксама даходзілі да адрасатаў на пр. Тарашкевіча, аднак на мінулым тыдні наш аналагічны эксперымент праваліўся: капэрта вярнулася назад.

“В г. Гродно нет такой улицы”

 

Дарэчы, у свядомасці гарадзенцаў абрэвіятура “БЛК” стыхійна здабыла ўжо зусім іншы сэнс: “Бульвар Лукашэнка Колі”…


3. Наберажная Юзафа Ядкоўскага (вул. Спартовая). Унікальная вуліца, на якой няма ніводнага дому, доўжыцца ад піўзавода да месца ўпадзення Гараднічанкі ў Нёман.

 

“Год 20 таму яшчэ была прапанова ўсталяваць памятную дошку Ядкоўскаму на Старым замку, – згадвае старшыня Беларускага Нумізматычнага Таварыста Віктар Какарэка, рашэнне ўвесь час адкладалася ў сувязі з зацягваннем тэрмінаў рэканструкцыі замку. На гэтым было завязана і пытанне з перайменаваннем вуліцы”.

Ці перайменавалі? Шыльдаў няма за адсутнасцю дамоў, не паглядзіш… На некаторых мапах горада вуліца Юзафа Ядкоўскага існуе. На іншых – так і засталася Спартовай. Адзін стары знаёмы расказваў, як быў некалі затрыманы міліцыяй на ўзбярэжжы пад замкамі: у пратаколе фігуравала вул. Ядкоўскага!

 

align=”left” alt=”Аляксей Карпюк” >4. Праспект Аляксея Карпюка (вул. Горкага). У 2010 г. група гісторыкаў звярнулася да уладаў горада з прапановай такога перайменавання. Зразумела, што выніку гэта не дало.

 

Сам пісьменнік жыў на Горкага, мала таго, у сям’і Аляксея Нячыпаравіча дагэтуль захоўваецца гранітная пліта, закупленая гарадскімі ўладамі для мемарыяльнага знака яшчэ ў сярэдзіне 90-х. Засталося знайсці грошы для афармлення пліты ды… атрымаць дазвол дэпутатаў гарсавету на яе вывешванне.


5. Вуліца Быкава (вул. Парыжскай Камуны). Кампанія па перайменаванні вуліцы, у адным з дамоў якой жыў класік, стартавала ў 2010-м. Гучная на той час кампанія “Гавары праўду” збірала подпісы ды падавала звароты ва ўладныя структуры, аднак – безвынікова.

Вул. Быкава з’явілася, але не надоўга

 

У ноч на 22 чэрвеня, дзень нараджэння місьменніка, актывісты “Маладога Фронту” перайменавалі вуліцу самастойна, распісаўшы трафарэтамі большасць дамоў.

 

Чыноўнікі вымушаныя былі адрэагаваць: у друку з’явілася інфармацыя аб наданні імя Быкава адной з новых вуліц занёманскай часткі. Аднак абяцанкі так і засталіся на паперы.

 

У большасці постсавецкіх краінаў тапанімічная рэвалюцыя ўсё ж такі адбылася, ўслед за палітычнымі зменамі. Беларусь не была выключэннем, але…

 

“Наша праца была ў нейкі момант прыпыненая, – рэзюмуе Алесь Госцеў, – і мы засталіся па сутнасці ў камуністычным горадзе, з невялічкімі ўкрапленнямі”.

 

Цяжка не пагадзіцца.