Конкурс вырабаў са шматкоў тканіны абвяшчае Цэнтр экалагічных рашэнняў

|

Старыя рэчы, шматкі тканіны, на іх погляд, не проста смецце, але цудоўны матэрыял для рукадзелля, іх больш разумна пераўтварыць у карысныя ў гаспадарцы рэчы, чым выкінуць у сметніцу.

Цэнтр экалагічных рашэнняў (http://ecoidea.by/) запрашае творчым людзям усіх узростаў і розных прафесій паўдзельнічаць у конкурсе.

Для гэтага са шматкоў тканіны, якія ёсць у вас дома, зрабіце прыгожую рэч: грэлку на чайнік, кухонныя прыхваткі, капу, накрыўкі альбо нешта іншае. Вітаецца “цёплая” ідэя вырабу, таму што конкурс ладзіцца ў межах Школьнага праекта выкарыстання рэсурсаў і энергіі.

 

Сфатаграфуйцеся са сваім вырабам і дашліце здымак на эл.пошту арганізатараў spare@ecoidea.by. Дадаткова можна напісаць невялікую гісторыю пра тое, як вы рабілі свой шэдэўр.

Конкурсныя заяўкі (з прозвішчам, кантактным тэлефонам, адрасам, эл.поштай аўтара, звесткамі пра яго ўзрост, месца вучобы ці працы) прымаюцца да 25 чэрвеня.

 

Арганізатар конкурса, Таццяна Коцік:

Мы заўсёды імкнемся прыдумаць нешта цікавае для конкурсаў, вось дайшлі і да гэтага віду рукадзелля.

Восенню рабілі конкурс, звязаны з вырабам шкарпэтак, якія пасля перадалі ў дзіцячы дом. Вопыт быў вельмі пасьпяховы. Цяпер за аснову мы ўзялі добра вядомую і правераную часам ідэю пэчварку.

Пасля атрымання ўсіх здымкаў, размесцім іх на нашым сайце, у сацыяльных сетках, дзе ўсе ахвотныя змогуць прагаласаваць.

Такім чынам, абярэм 20 лепшых работ, якія пазьней выставім на дабрачынны аукцыён з валанцёрскай ініцыятывай “Майстэрня дзіцячай надзеі”.

 

Такім чынам, удзельнікі конкурса не толькі дадуць другое жыццё рэшткам непатрэбнай тканіны, але і змогуь дапамагчы вырашыць праблемы дзяцей у патрэбе.

 

Здымак http://ilovehandmade.ru