Беларусь рыхтуецца жыць без смеццеправодаў

|

Як адзначыў на прэс-канферэнцыі да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы нвакольнага асяроддзя Беларусі Віталь Кулік, піша belta.by , сістэма смеццеправодаў перашкаджае раздзельнаму збору адыходаў, таму вырашаецца пытанне адмовы ад іх на карысць больш экалагічных рашэнняў.

 

Міністэрства падтрымлівае таксама абсталяванне дзейсных смеццеправодаў дадатковымі аддзяленнямі для раздзельнага збору смецця.

Гэта тэхнічна магчыма, але патрабуе сур’ёзных укладанняў, да таго ж досведу выкарыстання смеццеправодаў з функцыяй сартыроўкі адыходаў у Беларусі няма, таму больш выгодна будзе ўвогуле адмовіцца ад іх.

 

Сусветны банк выдзяліў 43,5 мільёна даляраў крэдыту на будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў Гродне.

Прадпрыемства магутнасцю 120 тысяч тон у год будзе працаваць як лінія перадавой сартыроўкі цвёрдых бытавых адыходаў з наступнай перапрацоўкай другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Аднак яго з’яўленне патрабуе змены сістэмы арганізацыі збору адыходаў у Гродне.

У межах другога кампанента праекта па будаўніцтве завода паўсюль па горадзе павінны ўсталяваць кантэйнерныя пляцоўкі і кантэйнеры для раздзельнага збору смецця, прадугледжана паступовая адмова ад смеццеправодаў.

 

Пакуль шматпавярховыя дамы без смеццеправодаў ёсць толькі ў Гомелі, дзе эксперымент праводзіцца з 1995 года.

Перад тым,  як адмовіцца ад існай сістэмы збору смецця, неабходна стварыць новую: забяспечыць усе двары дастатковай колькасцю кантэйнераў і арганізаваць рэгулярны вываз смецця. Таму міністэрства будаўніцтва і архітэктуры мяркуе, што адмаўляцца ад смеццеправодаў рана.

 

У Беларусі ўжо больш за 40 мільёнаў тон неперапрацаванага бытавога смецця.

Ягоная колькасць штогод павялічваецца на 4 мільёны тон, а перапрацоўваецца толькі 15-20%.