Новае жыццё гербу Рэчы Паспалітай

Ініцыятарам і спонсарам выступіў гарадзенскі бізнэсмэн Фелікс Гавін, справу падтрымала Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшча.

 

Картуш часоў Аўгуста ІІІ калісці ўпрыгожваў фасад Новага Замку. Аднак у сярэдзіне ХІХ ст., падчас перабудовы каралеўскага палацу для патрэбаў расейскага вайсковага шпіталя, герб быў дэмантваны, разбіты і забыты… Сам палац быў спалены падчас Першай сусветнай вайны і канчаткова перабудаваны ў стылі ампір ужо савецкімі архітэктарамі як абкам партыі.

“Недзе ў 2009 г., калі я яшчэ працаваў тут на пасадзе консула Польшы, – расказвае Марэк Малюхнік (на здымку), кіраўнік аддзелу культурнай спадчынны ў замежжы мінкульта Польшчы, – журналіст Іваноўскі зладзіў мне неяк экскурсію па “невядомым” Гродне.

 

Пад сценамі Старога замку сярод травы мы ўбачылі гэты картуш: маладыя людзі тады прыносілі да яго кветкі ды знічкі… Пасля таго, як я зайшоў да дырэктара музея, яго прынамсі перанеслі пад дах Новага Замку, дзе ён ляжаў апошнія пару год”.

Зараз над аднаўленнем помніка працуе кваліфікаваны рэстаўратар з Варшавы Радаслаў Тушня (на здымку справа). Стан картуша ён ацэньвае як даволі дрэнны:

 

“Уся паверхня пакрытая хімічнымі ды арганічнымі наслаеннямі, якія глыбока сядзяць у структуры камня. Усё гэта мы адмывалі з дапамогай хіміі і вады. Зараз дачышчаю ўручную”.

На дадзены момант картуш з’яўляецца некамплектным, бракуе некаторых частак. Са словаў рэстаўратара, добра бачны спосаб эксплуатацыі: куды ліў дождж, калі ён яшчэ быў на фасадзе, якая частка выставала з зямлі, калі картуш быў скінуты.

“Цікава, – працягвае сп. Радаслаў, – што сляды расчэпу бачныя акурат на зломе: магчыма гэта сведчыць аб тым, што яго нехта склейваў ужо пасля дэмантажу з фасаду”.

Асноўныя працы былі скончаныя сёння і герб ужо стаіць на пастаменце. Заўтра рэстаўратар працягне працы па кансервацыі картуша, а за некалькі тыдняў варта чакаць афіцыйнага адкрыцця. “Дай Божа, каб гэта стала пачаткам нашай сталай супрацы,” – рэзюмуе Марэк Малюхнік.

 

Здымкі Яна Лялевіча