75-гадовы гарадзенец выдаў кнігу пра паўстанне Каліноўскага

Спадар Іван з’яўляецца слухачом гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку” і ўжо даўно цікавіцца краязнаўствам. Яго артыкулы, прысвечаныя гісторыі роднага краю, не раз з’яўляліся на старонках розных выданняў. А цяпер свет убачыла кніга “Да падзеяў 1863–64 гадоў на Гарадзеншчыне”.

 

Спадар Іван, як доўга вы ішлі да гэтай кнігі?

 

Задума такой кнігі з’явілася больш за 10 год таму, але не было часу. Са шматлікіх размоваў з гарадзенцамі я зразумеў, што людзі дрэнна ведаюць удзельнікаў і кіраўнікоў паўстання (у лепшым выпадку называлі імёны 3-5 чалавек – і гэта ў Гродне і Гродзенскім раёне).

 

Кніжкай заняўся год таму. Спытаў у выдавецтве, ці плануюцца якія-небудзь кнігі, прысвечаныя паўстанню. Мне адказалі, што ніхто не ведае, ніхто нічога не выдае. Тады я тэрмінова заняўся гэтай кніжкай.

 

Чаму вы абралі такую тэму?

 

Тэма паўстання вельмі абшырная, яе спрабуюць і так і гэтак павярнуць: і што гэта не наш, не беларускі дух быў у гэтага паўстання, што змагалася толькі шляхта. Такія няўстойлівыя ацэнкі трэба разбураць. Паўстанцы – гэта не нацыяналісты. Той жа Каліноўскі за Беларусь змагаўся, за лепшую долю, за незалежнасць. Вось гэта і трэба прапагандаваць.

 

Вы сябе адчуваеце пісьменнікам-гісторыкам?

 

Не. Проста стараюся працаваць і ўсё. Адчуванне такое: штосьці зрабіў карыснае, і калі яно падалося добрым, то і мне добра.

 

Можаце ўзгадаць самы запамінальны момант у час працы над кнігай?

 

Калі чытаў адказы на следстве падсудных Сільвестровіча, Каменскага, Заблоцкага і іншых, то адчувалася, наколькі яны былі адданыя ідэі вызвалення, як ахвяравалі сваім жыццём дзеля гэтага вызвалення. І ніхто не думаў аб якім-небудзь абагачэнні ці славе.

 

Яшчэ звярнуў увагу на тое, як самаахвярна змагаліся маладыя хлопцы гадоў 20-25 (напрыклад, Віктар Гласка або Сігізмунд Урублеўскі). Іх прозвішчы згадваліся гісторыкамі, але ніхто нічога асабліва пра іх не ведаў. Аказваецца, яны жылі тут, былі мясцовымі, не думалі, каб абагаціцца маёнткамі, а ішлі ў паўстанцы па загаду свайго сэрца.

 

Віктар Гласка, напрыклад, атрымаў па спадчыне ад дзядзькі маёнтак Жукевічы, але проста не паспеў стаць яго паўнаўласным уладальнікам (пачалося паўстанне). І ён пайшоў у атрад, стаў добрым камандзірам і паспяхова змагаўся, яму прысвоілі званне маёра.

 

Затым многія паўстанцы правялі шмат гад у ссылках або ў эміграцыі, перанеслі шмат выпрабаванняў і за межамі краіны. Але зноў вярталіся сюды, хоць іх тут і абмяжоўвалі ў правах, і пад нагляд паліцыі назначалі, і ў турме сядзелі пасля эміграцыі. Вось гэта вельмі ўсхвалявала.

 

А яшчэ ўразілі паводзіны расійскіх карных каманд, якія праводзілі “зачыстку” нашых зямель ад іх жыхароў: палілі вёскі, жыхароў высялялі ў глыб Расіі.

 

Што вас натхняла пры напісанні кнігі?

 

Мне хацелася проста адрадзіць, аднавіць, вярнуць людзям тыя імёны людзей, якія змагаліся. Я адшукаў пакуль 242 прозвішчы, але іх напэўна можах быць больш. Змясціў іх у кніжцы, каб паказаць людзям, наколькі яны былі самаахвярныя і адданыя сваёй справе.

 

Ці паўставалі складанасці пры выданні кнігі?

 

Цяжкасцей не было. Добрую падтрымку аказаў шчыры беларус Сяргей Паўлавіч Зылькоў. Калі мы завялі размову і я паказаў яму вось гэты матэрыялы для кнігі, той адказаў, што падтрымае выданне, бо гэта патрэбная рэч. І выдаўцы паглядзелі, пагарталі, пагадзіліся дапамагчы.

 

Хто для вас сапраўдны беларус? Які ён?

 

Такіх людзей шмат. Напрыклад, Касцюшка, Каліноўскі, Іван Луцкевіч, якія дзеля незалежнасці жылі і жыццём ахвяравалі. І такія волаты, як Купала або акадэмік Карскі, якія жылі дзеля нашай Беларусі, яе культуры.

 

На вашу думку, што можа зрабіць кожны гарадзенец для Гродна?

 

Мне здаецца – дабівацца, патрабаваць вяртання нашай страчанай культурнай спадчыны. Паглядзіце, колькі ў нас разбурана. Трэба дамагацца, каб аднавілі тое, што было, каб Гродна стаў еўрапейскім горадам, такім, якім ён і быў.

 

Тое, што зрабілі з Савецкай плошчай – гэта жах, пустыня, а трэба было б яе адрадзіць, ды іншае страчанае, давесці да ладу замкі. Хто з рыдлёўкай, хто подпісам, хто рубель які пакладзе, але трэба імкнуцца, каб адрадзілася нашая старажытная Гародня.

 

Здымкі Яна Лялевіча і uzv-hrodna.blogspot.com