Дзясяткі тон лайна ў гарадскіх межах
Выходзім на канчатковым прыпынку 20-га аўтобуса. Каб праверыць інфармацыю нашага чытача, далёка ісці не давялося: праз дарогу, адразу за возерам-адстойнікам бачныя тыя самыя гурбы… гною. Пах – адпаведны. У гэтых мясцінах гуляюць сотні жыхароў раёна Дамброўскага, з дзецьмі, з сабкамі, у ваколіцах ладзяцца пікнікі. Поруч – ручай, які цячэ непасрэдна ў Нёман.
Спыняем мінака з вудамі гадоў 60-ці, цікавімся, чуем у адказ:
“З вясны альбо з зімы яшчэ тут ляжыць. Ніколі тут такога не было: першы раз за 25 год бачу, колькі жыву тут. Хібы вучгас скінуў, ягоныя пітомнікі побач. Скардзіцца трэба, пісаць…”
Скінуў гной, аднак, зусім не вучгас, а путрышкаўскі сельсавет. Аб гэтым нам паведамілі ў Гродзенскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Са словаў галоўнага спецыяліста Вольгі Выдры да іх з гэтай нагоды ўжо звярталася і пракуратура, і рэмбудаўтадар, аднак праблемы па-сутнасці… не існуе:
“Барціроўка выкананая, таму гной не трапляе ў водныя аб’екты. Землі вакол былі без угнаення апошнія 15 год. Таму ўвосень усё гэта раскідаюць і перапахаюць. Парушэнняў няма”.
Аднак, чаму так сталася? Чаму дзясяткі тон карыснага ўгнаення чакаюць на восень, калі ўжо згубяць праз сонца і дажджы частку сваіх якасцяў? Чаму жыхары цэлага раёну маюць штодня сутыкацца з гэтым у зоне свайго адпачынку? Пытанні застаюцца пакуль без адказаў.
Сваё меркаванне прапануем вам напісаць у каментарах.