Гарадзенскі гістфак: ліквідуюць ці ўзмацняюць?

|

Аб тым, што гістфак аб’яднаюць з факультэтам турызму ва ўніверсітэцкім ассяроддзі казалі даўно, аднак гэта былі збольшага размовы ды чуткі. Цяпер стала вядома, што гэта факты.

 

У чацвер на нарадзе з рэктарам, якая праходзіла на гістфаку, было паведамлена, што да факультэта, які застаецца базавым, далучаць факультэт турызму (як спецыяльнасць), журналістыку ды міжнародныя камунікацыі. На такія змены мусіць пагадзіцца Міністэрства адукацыі.

 

Гэта не зусім ліквідацыя, а хутчэй рэарганізацыя вучэбнага працэсу – кажуць ва ўніверсітэце.

 

Газеце “Салідарнасць” дэкан гiстфака Эдмунд Ярмусік пацвердзіў, што пытанне аб’яднання факультэтаў сапраўды вырашаецца.

 

“Калі ў вас ёсць такая інфармацыя, то, як вядома, дыма без вагню не бывае, – адзначыў Эдмунд Ярмусік. – Такое рашэнне ёсць. Яно абмяркоўваецца. Нічога страшнага ў гэтым няма. Гэта натуральная рэарганізацыя вучэбнага працэсу. Пры любой уладзе і ў любой краіне мы павінны сеяць разумнае, добрае, вечнае. Для нас галоўнае – гэта студэнты. Гісторыя як прадмет у любым выпадку застаецца. А ўсё астатняе – фармальнасць”.

 

Усе спецыялізацыі гістфаку захаваюцца, у склад новага факультэта ўвойдуць журналістыка, турызм і міжнародныя камунікацыі. Чаму менавіта так? Градацыя не зусім зразумелая. Чаму менавіта гэтыя факультэты? Гэтае пытанне задаюць і самі выкладчыкі, адзначаючы, што, напрыклад, на філалагічным факультэце рыхтуюць гідаў-перакладчыкаў. Менавіта гэтым спецыялістам была б карыснай адукацыя з паглыбленым вывучэннем гісторыі і турыстычных дысціплін.

 

Перамены, што адбываюцца ва ўніверсітэце, не застаюцца без пільнай увагі грамадства. Кажуць, што гістфак “ліквідуюць” з-за палітыкі. Маўляў, шмат “бунтарскіх” настрояў сярод выкладчыкаў і такім чынам у кіраўніцтва з’яўляецца легальная магчымасць звольніць няўгодных навукоўцаў.

 

Аднак самі выкладчыкі кажуць аб тым, што палітыка гэтым разам займае тут найменшае месца. Перш за ўсё праблема ў тым, што ва ўніверсітэце не хапае фінансаў на ўтрыманне такой вялікай колькасці факультэтаў.

 

Можна сказаць, кіраўніцтва навучальнай установы забівае двух зайцоў адным стрэлам. Рэарганізацыя дазволіць скараціць штат навуковых супрацоўнікаў: зэканоміць грошы ды пазбавіцца ад не вельмі зручных выкладчыкаў.

 

Невядома яшчэ, хто стане дэканам новастворанага факультэта. Хутчэй за ўсё, гэта будзе сённяшні дэкан факультэта турызму і сервісу Сяргей Данскіх. Але гэта ізноў чуткі. У справе рэарганізацыі гістфака зараз больш чутак, чым правераных фактаў.

 

Адзінае, што можна сказаць пэўна, гэта тое, што з усімі гэтымі пертурбацыямі ўзнікае сур’ёзная праблема. Калі сапраўды адбудзецца скарачэнне прафесарскага складу хаця б на 3%, то ГрДУ ужо не будзе мець права называцца ўніверсітэтам! Ці, можа, замест звольненых, высокія званні атрымаюць учорашнія навуковыя пачаткоўцы? Што ў выніку атрымаецца, даведаемся ўжо ў хуткім часе.

 

Здымак з архіву “Твайго стылю”