Адукацыя для інвалідаў: ці выконвае дзяржава свае абавязкі?

Асновы прававога рэгулявання адукацыі знаходзяцца ў Кодэксе аб адукацыі. Згодна з ім, дзяржава бярэ на сябе абавязацельства забяспечыць даступнасць адукацыі, у тым ліку асобам з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, у адпаведнасці з іх станам здароўя і магчымасцямі, на ўсіх узроўнях асноўнай адукацыі і пры атрыманні дадатковай адукацыі. Таксама дзяржава абавязалася стварыць спецыяльныя ўмовы для атрымання адукацыі асобамі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця і аказваць гэтым асобам карэкцыйна-педагагічную дапамогу.

 

У пачатку сакавіка студэнт Яўген Жукаў, які мае інваліднасць з дзяцінства, апублікаваў адкрыты ліст да прэзідэнта краіны. Сутнасць ліста – у просьбе дапамагчы з працаўладкаваннем. Сітуацыя Яўгена з’яўляецца хутчэй выключэннем. Яму ўдалося атрымаць сярэдне-спецыяльную адукацыю ў каледжы і паступіць у Беларускі інстытут правазнаўства. Аднак, аказалася, што спецыяліст з юрыдычнай адукацыяй не можа ўладкавацца на працу па спецыяльнасці.

 

Многія каментатары пісалі хлопцу: атрымаў адукацыю, а далей твае праблемы, куды і як ісці на працу. У працяг гісторыі з’явіўся артыкул у газеце “Гродзенская праўда”, дзе рашучага Жукава абвінавацілі ў сварлівасці і назвалі прафесійным скаржнікам. Правёўшы аналогію з галоўным героем чэхаўскага апавядання “Ванька”, які не хапаў зорак з неба, а задавольваўся нешматлікім, газета патлумачыла, што ў 31 год гарадзенцу Жукаву трэба рэальна глядзець на рэчы: забыцца пра жаданне працаваць па спецыяльнасці і знайсці працу адпаведна яго статусу.

 

Аднак, і каментатары на блогу, і журналісты мясцовай газеты, не зразумелі самага галоўнага – адукацыя і працаўладкаванне інваліду гарантаваныя дзяржавай! Больш за тое, з вуснаў чыноўнікаў ад Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны мы рэгулярна чуем пра гэты самы клопат, пра сацыяльныя гарантыі.

 

На справе ж выходзіць, што дапамагаць ніхто не гатовы. Больш за тое, само грамадства не гатова прапанаваць падтрымку хлопцу, дапамагчы адстаяць яму свае правы. А многія людзі з інваліднасцю проста замоўчваюць свае праблемы з працаўладкаваннем. Калі з дзяцінства чуць “атрымаў дапамогу ад дзяржавы – будзь задаволены”, матывацыі развівацца і дасягаць чагосьці ў жыцці, пагадзіцеся, будзе няшмат…

 

Канфлікт інтарэсаў: МРЭК супраць жадання інваліда


Для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову абітурыент абавязаны прадаставіць даведку пра стан здароўя, абітурыент з інваліднасцю – заключэнне медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК), у якім пазначана, ці можа чалавек атрымліваць адукацыю па абранай спецыяльнасці па стане здароўя. Гэта значыць, чалавек з інваліднасцю пры выбары прафесіі па вызначэнні павінен кіравацца не сваімі схільнасцямі і жаданнямі, а крытэрыямі МРЭК.

 

Існуе цэлая сістэма тэставання арганізма. Зразумела, што ў шмат каго гэтая працэдура проста адбівае жаданне працягваць вучобу пасля школы. Пры гэтым спецыялісты адзначаюць, што стандарты МРЭК часта неабгрунтаваныя, не адпавядаюць сучасным уяўленням пра нагрузкі ў ВНУ, а таксама не разглядаюць магчымасць выкарыстання сучасных гаджэтаў для паспяховага засваення матэрыялу.

 

Многія нормы закладваліся яшчэ ў савецкі час і не змяняліся з тых часоў. У выніку, вышэйшую адукацыю немагчыма атрымаць па прычыне састарэлых стандартаў і прынцыпаў МРЭК, нягледзячы на ўсе запэўніванні дзяржавы ў сацыяльнай арыентаванасці і гарантыях.


Місія выканальная

 

Для мэтанакіраваных абітурыентаў ёсць варыянты атрымаць станоўчае заключэнне МРЭК. Існуюць два шляхі. Першы – падаць заяву з просьбай аб перааглядзе ў вышэйстаячай МРЭК. Вышэйшая экспертная камісія працуе пры НДІ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі ў Мінску. Другі шлях – добраахвотная адмова ад інваліднасці, тады, па сутнасці, і заключэнне МРЭК не трэба. Пры гэтым чалавек з інваліднасцю адмаўляецца і ад усіх гарантый ды ільгот, якія яму належалі да гэтага, у тым ліку пенсіі па інваліднасці.

 

Супярэчнасці ў заключэннях МРЭК

 

Пры паспяховым заканчэнні ВНУ выпускнік сутыкаецца з тымі ж супярэчнасцямі МРЭК, якія цяпер ужо не даюць уладкавацца працаваць па спецыяльнасці. Тут паказальная гісторыя Яўгена Жукава. Ён прайшоў усе агляды МРЭК, атрымаў запаветны дыплом. Але працаўладкавацца не можа.

 

Аказалася, стандарты для атрымання пэўнай спецыяльнасці і працаўладкавання па гэтай спецыяльнасці – гэта не адно і тое ж. Здавалася б, атрымаў чалавек заключэнне, што можа вучыцца на юрыдычным факультэце, значыць, будзе спрабаваць уладкавацца на працу юрыстам. Але ў МРЭК іншыя высновы: вучыцца можа, працаваць – не.

 

Такая сітуацыя склалася з-за няўзгодненасці пазіцый міністэрстваў аховы здароўя, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны. У кожнага ведамства свае правілы і падыходы, а тое, што яны не лагічныя і супярэчаць адзін аднаму, стала праблемай людзей.

 

Вось і вымушаныя людзі з інваліднасцю змагацца за свае правы і жаданні ўсімі спосабамі, і выслухоўваць у вуснай і пісьмовай форме ад чыноўнікаў і простых грамадзян, што трэба было загадзя падумаць, што цябе чакае. 

 

align=”left” alt=”Алег Граблеўскі, Олег Граблевский” >Юрыст і эксперт працоўнай групы “Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю” Алег Граблеўскі адзначае:

 

“Дзяржава мусіць прызнаць, што МРЭК сёння – рэальна працуючы механізм дыскрымінацыі. Медыкі праводзяць сегрэгацыю, фармальна зыходзячы з пазіцыі сумневу ў тым, што чалавек зможа працаваць па прафесіі, згодна з атрыманай адукацыяй. Насамрэч, у большасці выпадкаў, гэта пытанне не медыцынскае, а спроба схаваць хібы нашай адукацыі: найперш адсутнасць безбар’ернага асяроддзя.

 

Такая селекцыя забяспечвае нізкі колькасны паказчык студэнтаў-інвалідаў. Атрымліваецца, што плаціць пенсіі па інваліднасці танней, чым ствараць безбар’ернае асяроддзе і даць чалавеку шанец зарабляць самаму. З іншага боку, МРЭКаўская забарона абмяжоўвае права ўніверсітэта на выбар абітурыентаў. Без медычнай даведкі рэктар не мае права залічыць у студэнты чалавека з залатым медалём, пераможцу алімпіяды. Нават калі б і хацеў стварыць індывідуальную праграму”.

 

Больш інфармацыі пра вышэйшую адукацыю ў нашай краіне можна знайсці на сайце Балонскага грамадскага камітэта.