Абвешчаны конкурс на лепшы сцэнар правядзення Ганненскага кірмашу
Калісьці на гандаль у Зэльву з’язджаліся да 5 тысяч гандляроў у тым ліку з Грэцыі, Турцыі, Персіі, а гандлёвы абарот дасягаў мільёну залатых рублёў.
Апошнія 4 гады мясцовыя ўлады зноў праводзяць Ганненскі кірмаш. Звычайна ў гэты час у Зэльве ладзяцца выставы рамёстваў і народных промыслаў, конкурсы на лепшыя падворкі, свае праекты прадстаўляюць інвестары.
Сёлета арганізатары вырашылі далучыць да распрацоўкі сцэнара свята шырокія колы грамадства.
Свае прапановы кожны ахвотны можа прадставіць да 1 жніўня.
Журы вызначыць пераможцаў па крытэрах адпаведнасці мэтам конкурса, раскрыцця тэмы, рэжысёрскіх рашэннях, актуальнасці і магчымасцях рэалізацыі.
Акрамя таго абвешчаны конкурсы на лепшае афармленне балконаў у стылі 18 стагоддзя, на лепшы стылізаваны строй, працу дэкаратыўна-прыкладнога характару, конны вазок, фотаздымак і відэасюжэт.
Пераможцаў узнагародзяць на закрыцці кірмаша ў канцы жніўня.
Паводле http://belta.by