Новыя правілы Мытнага саюза прымусяць гарадзенцаў апранацца за мяжой?

|

Раней такі сертыфікат патрабаваўся толькі для дзіцячага аддзення, але зараз трэба будзе маркіраваць усю прадукцыю лёгкай прамысловасці. Магчыма, гэта і добра для пакупніка, аднак вельмі цяжка для прадпрымальніка.  Для таго, каб легальна працаваць на рынку, прыватніку трэба будзе кожную (!) партыю тавара сертыфікаваць у лабараторыі.  За свае грошы, ды і ў лабараторыі павінна быць адмысловая акрэдытацыя.

 

Першапачаткова гэты рэгламент павінен быў дзейнічаць з 1 студзеня 2013 года. Паўгода таму бізнесоўцы адстаялі права працаваць без маркіровак. Але толькі на шэсць месяцаў. Што будзе зараз – казаць цяжка.

 

Самі прадпрымальнікі нават уявіць баяцца. На гарадзенскіх рынках кажуць аб тым, што будуць баставаць, распрадаючы запасы адзення. Ці пайдуць у адпачынак. Як працаваць у новых умовах – не ведаюць. Фінансава будзе цяжка.

 

Першыя пробныя забастоўкі ўжо прайшлі ў Віцебску. У іншых абласных цэнтрах і Мінску людзі толькі рыхтуюцца да нейкіх дзеянняў.

 

Гэта не першае прававое рашэнне, якое значна пагаршае працу прадпрымальнікаў у нашай краіне. Здаецца, за апошнія гады большасць пастаноў не толькі не садзейнічала развіццю малога бізнесу, але і наўпрост замінала яму ў працы.

 

Пэўныя прэферэнцыі рабіліся для сельскай мясцовасці, але штосьці не бачна ў нашых аграгарадках росквіту прыватнай ініцыятывы. А так узгадваецца толькі паслядоўны ціск на тых, хто вырашыў сам стварыць для сябе працоўнае месца.

 

На прыватніка перыядычна абрушваліся нейкія, па меншай меры дзіўныя, навацыі. Мноства непатрэбнай дакументацыі, як на буйным прадпрыемстве, касавыя апараты, абмежаванні па перасячэнню мяжы, абмежаванні па колькасці працаўнікоў, якія да таго ж павінны быць толькі сваякамі, сталае павышэнне коштаў арэнды і розных выплат, зусім не абумоўленых эканамічна і г. д.

 

Чамусьці кожнае новае рашэнне ў сферы прыватнага бізнесу толькі пагаршае становішча ІПшнікаў.

 

Самі прадпрымальнікі кажуць пра тое, што выйсцем можа быць падняцце коштаў праз механічнае раскіданне сумы на ўсе рэчы. Але калі падняць кошты, якія і так дастаткова вялікія, то можна нічога і не прадаць.

 

“Пакупнікоў проста не будзе” – кажуць прадпрымальнікі. Многія гарадзенцы і так амаль не карыстаюцца паслугамі магазінаў і рынкаў, прывозячы патрэбныя тавары з-за мяжы, дзе яны значна танней (а гэта азначае, што там праводзіцца больш гібкая і эканамічна правільная палітыка ў дачыненні да вытворцы і прадаўца). Відаць, колькасць такіх людзей з 1 ліпеня толькі павялічыцца.