Як тут, за акіянам. Працяг
Гэтым тэмам і будуць прысвечаныя тры наступныя амерыканскія гісторыі карэспандэнта «Твайго стылю».
Прэзідэнт Клінтан, уратуй тамілаў!
Гэты лозунг мы чулі, калі апыналіся ў ваколіцах Белага дома. Некалькі дзесяткаў жанчын і мужчын рознага ўзросту штодня ладзяць ля агароджы прэзідэнцкай адміністрацыі пікеты, каб прыцягнуць увагу амерыканскіх уладаў да генацыду тамілаў.
У свеце сёння жыве каля 77 мільёнаў тамілаў. Больш за палову з іх – у Індыі (славуты шахматыст В. Ананд – таміл па паходжанні) і Шры-Ланцы. Менавіта на гэтай выспе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў не спыняецца грамадзянская вайна паміж сінгаламі, якія складаюць большасць насельніцтва і трымаюць уладу ў краіне, і таміламі. Тыя ўжо даўно дамагаюцца стварэння на Паўночным Усходзе Шры-Ланкі сваёй незалежнай дзяржавы – Таміл-Іламу. Вайна ідзе паміж урадавымі войскамі з аднаго боку і «Тыграмі вызвалення Таміл-ілама» з іншага боку. Куды лепш узброеныя ўрадавыя войскі не цураюцца аніякіх сродкаў у вайне супраць «сепаратыстаў»: спаленыя вёскі, масавыя растрэлы, канцлагеры.
За апошнія гады ахвярамі вайны стала каля паўмільёна тамілаў, некалькі мільёнаў мусілі пакінуць Шры-Ланку. У Еўропе тамілы знайшлі прытулак у асноўным у Скандынавіі. Шмат хто перабраўся ў ЗША. Усё, што могуць зараз рабіць гэтыя людзі для сваёй краіны – гэта заклікаць міжнародную супольнасць звярнуць увагу на трагедыю свайго народу…
|
|
Штодня яны прыходзяць з транспарантамі пад Белы дом. Тут жа пасля пікету маюць сціплы калектыўны пасілак. Усё гэта – на вачах у сотняў здзіўленых турыстаў ды самотнага паліцыянта.
Белыя шкарпэткі за $100
Паўтары гадзіны палёту – і з сонечнага, зялёнага і ўтульнага Вашынгтону трапляем у Чыкага з яго смогамі, туманамі і хмарачосамі. Лаўлю сябе на думцы, што так высока задзіраць уверх галаву, каб убачыць неба, яшчэ не даводзілася.
Першы пункт чыкагскай праграмы – паход на бейсбол. Ідзём на адну з двух мясцовых каманд – White Sox (белыя шкарпэткі). Першае моцнае ўражанне – мясцовае метро. Уваход на станцыю ў самым цэнтры гораду вузейшы за прыступкі грамадскай прыбіральні ў цэнтры Гродна. Унутры аніякага мармуру, прыцішанае святло, драўляная падлога, брудныя сцены… Нязвыкла… Перакладчыкі, аднак, тлумачаць, што ёсць і больш утульныя станцыі, а што да мармуру… то хто за яго будзе плаціць? Галоўнае, каб было зручна і хутка дабрацца ў любую кропку гораду. Сапраўды, збудаванае яшчэ ў 19-м стагоддзі чыкагскае метро дагэтуль з’яўляецца самым хуткім сродкам перасоўвання па горадзе.
…. 20 хвілінаў – і выходзім акурат насупраць касмічнай талеркі бейсбольнага стадыёну. Плывем у натоўпе на свае месцы. Па дарозе атрымліваем па некалькі бясплатных пляшак энэргетычнага напою (пазней на вуліцах такім жа чынам будуць прапаноўваюць каву, корм для катоў і г.д.) Квіткі нам набылі па $42, таму сядзім не на самых «казырных месцах». Утульны стадыён забіты амаль напоўніцу: музыка, фейерверкі, маляўнічае прадстаўленне гульцоў, мноства самаробных плакатаў у падтрымку Шкарпэтак.
|
|
Між шэрагамі гледачоў туды-сюды сноўдаюць галасістыя ды крэатыўныя прадаўцы піва, лёдаў, колы, гарэшкаў, ды ўсялякай усялячыны. Адзін увесь час спявае (кшталту: «Дзякуй, прыгожая дзяўчынка, што купіла ў мяне піва! Гэта лепшае піва на гэтым стадыёне і г.д.»), другі так гучна прапаноўвае хот-догі, што аж вушы закладае. Трэці вытанцоўвае перад патэнцыйнымі пакупнікамі экзатычныя танцы.
Не праходзіць і 10 хвілін гульні, як амаль усе гледачы «узброеныя» півам ($7 за пляшку 0,33), хот-догамі ($ 6,5), бульбай з салатам (яшчэ $ 6) і г.д. Цяпер памножце гэта на 2, бо адной порцыяй на працягу гульні, што доўжыцца некалькі гадзін, справа не абмяжоўваецца, дадайце кошт квітка (добрыя месцы каштуюць каля $ 100) і атрымаецца, што бейсбол для амерыканца абыходзіцца як найменш у $ 100. А ідуць жа цэлымі сем’ямі, як на свята! На свята сапраўды было падобна, а вось ацаніць прыгажосць гульні мы так і не змаглі, пакінуўшы праз 40 хвілін арэну.
Шкарпэткі, дарэчы, прайгралі. Не хапіла, падобна, менавіта нашай падтрымкі!
Бабуля з вяслом
Спорт у Амерыцы сапраўды надзвычай папулярны. На першых месцах ідуць бейсбол і амерыканскі футбол (падобны на рэгбі), далей баскетбол ды хакей. Нашыя спробы замяніць паход на бейсбол на больш звыклы беларусам хакей, скончыліся на даведцы пра кошт: квіток не на самыя зручныя месцы на паўфінал Кубка Стэнлі з удзелам Chicago Black Hocks каштавалі $ 250! Ды іх трэба было яшчэ здабыць!
Яшчэ ў Вашынгтоне звярнуў увагу, што амерыканцаў можна ўмоўна падзяліць на «тлустых» (гэтыя, здаецца, ніколі не развітваюцца з хот-догамі ды іншымі прадуктамі фаст-фуду) і «спартсменаў». Такой колькасці бегуноў і раварыстаў не даводзілася бачыць дагэтуль анідзе!
Праўда, і ўмовы для гэтага самыя спрыяльныя: нават сярод хмарачосаў Чыкага поўна зялёных паркаў з мноствам сцежак ды дарожак. А ў Порландзе заўважылі і яшчэ адну мясцовую забаву – гонкі на вялікіх кітайскіх лодках па рацэ Willamete: экіпажы па 30 чалавек выплываюць на сярэдзіну ракі, ды давай ганяць навыперадкі! У складзе грабцоў і малыя і старыя! Нязвыкла было бачыць вясёлыя чародкі бабулек, якія (кожная са сваім вяслом) пасля гонкі дзяліліся перажытымі ўражаннямі.
Спорт займае важнае месца і ў амерыканскіх СМІ, якія перажываюць нялёгкія часы. Гэта, аднак, ужо іншая гісторыя…
Вітаўт Руднік