Гродзенскія чыноўнікі адмовіліся сустракацца з прадпрымальнікамі

Бранцэвіч звінаваціў удзельнікаў страйку ў тым, што яны сарвалі дыялог з уладамі па найбольш складаных сённяшніх праблемах, у прыватнасці — аб увядзенні з 1 ліпеня абавязковай сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці.

Праўда, сам жа дадаў, што гэтая праблема вырашаецца не на мясцовым узроўні, бо пагадненне падпісанае ў межах Мытнага саюзу Беларусі, Расіі і Казахстану.

 

Ён заявіў, што праца па развязанні найбольш значных праблемаў прадпрымальніцтва на абласным і гарадскім узроўні з уладамі праводзіцца рэгулярна і з боку мясцовых уладаў існуе разуменне праблемаў, але, маўляў, каб без пасярэднікаў данесці гэтыя праблемы на самы верх, варта было б мець дыялог з старшынём аблвыканкаму.

Большасць удзельнікаў сходу гэтай думкі не падтрымала. Прадпрымальнікі заяўлялі, што да гэтага іх змушаюць абставіны і яны наогул не ведаюць, як працаваць ужо заўтра, бо ўлады ігнаруюць іхнія праблемы.

 

На сходзе прафсаюзны кіраўнік зачытаў ліст з прапановамі да намесніка кіраўніка ўраду Пятра Пракаповіча, каб праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў былі разгледжаныя на ўзроўні ўраду.

Прынята рашэнне аб пераабранні Саветаў на ўсіх гарадзенскіх рынках.

 

16 чэрвеня ў Гродне страйкавалі прадпрымальнікі.

Гандляры не выйшлі на працу, бо пратэстуюць супраць абавязковай сертыфікацыі тавараў, якая мае пачаць дзейнічаць з 1 ліпеня.

Прадпрымальнікі перакананыя, што гэта прывядзе найперш да «вымываньня» з продажу танных тавараў і значнага падаражэньня іншых. А значыцца, шмат каму давядзецца закрыць свой бізнэс.

Гэта была папераджальная забастоўка.

 

Здымак з архіву “ТС”