Гродзенцам дазволілі купацца ў пяці вадаёмах
Тут чыстае дно без ямінаў, вада адпавядае санітарным нормам, глыбіня не больш за 2 метры.
На першых трох вадаёмах – выратавальныя станцыі. Абласная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага Таварыства выратавання на водах прапанавала арганізаваць дзяжурства выратавальнікаў на час купальнага сезона таксама ў Румлёве і Пышках.
У вадаёмах па вуліцах Рэпіна, Курчатава, Лапенкаўскай і ў кар’ерах каля Гродзенскага камбіната будаўнічых матэрыялаў купанне забароненае.
Пра гэта папярэджваюць таблічкі з адпаведнымі надпісамі.
Парушальнікам пагражае складанне пратаколу і штрафы, а галоўнае – небяспека для жыцця.
У першыя ж цёплыя дні сёлета на вадаёме ў Лапенках патанула дзіця, а за мінулы сезон у Гродзенскай вобласці патанулі 99 чалавек.
71 з іх – у прыродных вадаёмах, не прызначаных для купання, 22 – у калюжынах і бытавых ёмістасцях, 6 – у ваннах.
61 чалавек загінулі ў нецвярозым стане.
– Затое на абсталяваных вадаёмах, у зонах дзеяння ратавальных станцый, за апошнія 10 гадоў не было ніводнага выпадка гібелі людзей, – сведчыць старшыня Гродзенскага абласнога Савета Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Сяргей Іванавіч Шурба.
– За мінулы год супрацоўнікі станцый вобласці выратавалі 89 чалавек, яшчэ 779 чалавек папярэдзілі. Сярод папярэджаных – тыя, хто выпілі, і спрабавалі адпачыць у вадзе, непаўналетнія, у тым ліку дзеці 5-6 гадоў, што былі ля вадаёмаў без дарослых.
У Гродзенскай вобласці дзейнічае 10 выратавальных станцый і 13 пастоў, яшчэ 22 выратавальных паста арганізавалі ведамствы.
20 чэрвеня супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах выступяць у працоўных калектывах Гродзенскай вобласці і яшчэ раз нагадаюць правілы бяспекі і аховы жыцця людзей на вадзе.