Гульня “Падзяляй і ўладар” сабрала каля 100 экстрэмалаў

Гульня была разрэкламавана на гарадскім блогу, вельмі цікавым быў яе відэаролік, які, падаецца, змог вярнуць у гульню старых гульцаў і прыцягнуць новых.

Распачалася гульня даволі дзіўным спосабам: на першым узроўні каля старых праваслаўных могілак гульцоў чакалі аўтары, якія сабралі ўнёскі і начаплялі ў пад’яджаючыя аўто капэрты з рэквізітам.

Другім узроўнем з 15-ці стаўся падзел каманд – кожны з чальцоў экіпажа павінен быў абраць свой шлях. Адзін мусіў ехаць з Савецкай плошчы ў аўтобусе №3, другі ў 21-ым, трэці – на “шасцёрцы” да канчатковага прыпынку. Кіроўцу чакала яшчэ іншае выпрабаванне – збіраць бонусы па малюнках, што былі прычэплены да дзверак яго аўто.

 

Мне выпала ехаць на “тройцы” – за восем прыпынкаў здолеў сабраць толькі адзін код. Іншым маім сукаманднікам на іншых маршрутах пашчасціла болей.

Адзін з “артэфактаў” гульні, падрыхтаваны арганізатарамі – замарожанае піва

 

Наступным выпрабаваннем быў збор частак кода на месцах, што былі указаныя ў відэаанонсе: адна на 7-м літарным фарце гарадзенскай крэпасці, другая – на адной з вежаў мабільнай сувязі на Дзевятоўцы, а трэцяя – на кар’еры каля КБМ-а.

Гульцоў чакалі закінутыя дамы і тунэлі пад дарогамі, вялізныя бігборды, малюнкі на якіх дапамагалі сабраць зашыфраваныя коды.

Адным з самых цікавых, на маю думку, момантаў была клавіятура на закінутым доме на Вялікай Траецкай. Яна была прыбітая да сцяны на другім паверсе, да таго ж у ёй былі пераблытаныя літары, а літара Ё адсутнічала наогул. Гэта прымушала гульцоў паехаць на фірму “Літара Ё”.

Для таго, каб трапіць на некалькі месцаў, дзе быў схаваны код, патрабавалася дадатковае прыстасаванне – компас, які паказваў магнітную анамалію.

 

Усіх узроўней было 15 і ўсе яны былі звязаны між сабою.

 

Скончылася гэтая начная прыгода на плошчы Тызенгаўза, дзе аўтары амаль да раніцы чакалі ўдзельнікаў. Наступнай вялікай прыгодай, што чакае гарадзенскіх і не толькі аматараў экстрыму, будзе адзначэнне дзесяцігоддзя праекту.

 

Іншы гарадзенскі праект “Энкаўнтэр” правядзе беларускамоўную гульню ў канцы чэрвеня.

 

Фота Юліі Лыткінай і арганізатараў гульні