Самы каханы вораг…

|

Мне падаецца, любы разважны чалавек час ад часу задае сабе гэтае пытанне. Асабліва, калі ў чарговы раз зрываецца на дзіцяці, бацьку або мужу/жонцы.

Існуюць цалкам розныя пункты погляду так званых прафесіяналаў – генетыкаў, псіхолагаў, нават эзатэрыкаў. Апошнія, напрыклад, лічаць, што менавіта дзеці выбіраюць сабе бацькоў. Псіхолагі сцвярджаюць, што сямейніка мы выбіраем сабе, арыентуючыся на ўжо вядомыя мадэлі паводзін маці або таты. А генетыкі, як вы самі разумееце, апынуліся найбольшымі фаталістамі: усё перадвызначана генамі…

Перад тым, як правесці невялікае апытанне на гэтую тэму сярод гарадзенцаў розных узростаў і сацыяльнага становішча і прапанаваць яго вам для абмеркавання, дазволю сабе трошкі раздумванняў. Так сказаць, зыходзячы са сваіх журналісцкіх назіранняў.

Назіранне першае: нікому і ніколі не атрымліваецца пазбегнуць канфлікту. Аднак у людзей выбухных і эмацыйных канфлікты здараюцца часта, але яны мімалётныя, нібы «лёгкія»… Іншая справа, калі чалавек трывае-трывае, як партызан на допыце. А потым вылівае на галаву свайго сваяка не адзін папрок, а струмень прэтэнзій. Колькі дзён (тыдняў, месяцаў, гадоў) трываў, за столькі яго родны «вораг» і адкажа!

Навошта баяцца канфліктаў? У аснове гэтага паняцця ляжыць усяго толькі «супярэчнасць» інтарэсаў або пазіцый. А што мы ведаем аб інтарэсах і пазіцыях сваіх блізкіх? Паспрабуйце спытацца… Пачніце з самага простага, напрыклад, як кожны з бацькоў ставіцца да правядзення адпачынку паасобку. Або нешта яшчэ, нават больш бяскрыўднае: хто павінен выносіць смецце…

І ў большасці атрымаеце дзіўны вынік – часта гэтыя пазіцыі не супадаюць. А яшчэ часцей людзі проста… не здагадваюцца, што іх пазіцыі не супадаюць. І страшны скандал узнікае тады, калі яны шчыра здзіўленыя «падманам» з боку партнёра. Справа ж – у адсутнасці цікаўнасці да светаўспрымання іншага чалавека.

Назіранне другое: усім і заўсёды хочацца перарабіць блізкага чалавека. Мае сябры браты-двайняты. Здавалася б, вось ужо ў каго – спакой і гармонія. Нічога падобнага. Той, які старэйшы на 15 хвілін, лічыць, што спазнаў усе ісціны свету і знаходзіцца ў поўным антаганізме да «малодшага», які гэты свет спазнае кожны дзень…

А як учорашнія закаханыя, пажаніўшыся і пражыўшы каля году, пачынаюць рэканструяваць «пад сябе» другую палову? Аб гэтым неяк добра сказаў наш участковы Андрэй: «Калі ўсе сямейныя пабоішчы разглядаць як злачынствы (а менавіта так іх і трэба разглядаць, паміж іншым! – заўв. аўт.), то ўсю краіну трэба пераводзіць на турэмны рэжым».

Калі дакладна, што з двух ліх трэба выбіраць меншае, то… Лепш імгненны канфлікт «з нагоды», чым цяжкі скандал «пасля доўгіх гадоў цярпення». А перарабляючы роднага чалавека, заўсёды ёсць рызыка яго зламаць – чужы механізм усёткі. Божы – не ваш. Займіцеся сабою. А цяпер бліц-апытанне.

Аляксандр Пятровіч, 42, праваахоўныя органы: Маё меркаванне – не варта сябе мучыць, калі адносіны са сваякамі не складваюцца. Калі яны маюць права быць такімі, якія ёсць, то і вы таксама маеце на гэтае поўнае права. Некаторыя дазваляюць сваякам садзіцца сабе на шыю, але ўгаворваюць сябе, што гэта іх «узвышае», і яны выглядаюць добра ў вачах чужых людзей.

Вольга, 34, педагог: Мне падаецца, што ўсе нашыя праблемы ў сем’ях узнікаюць з-за таго, што нас няправільна выхоўвалі нашыя бацькі. І мы паўтараем іх памылкі пры выхаванні сваіх дзяцей. На жаль, калі пачынаеш гэта разумець, выправіць ужо нічога нельга.

Наташа, 21, студэнтка: Шмат літаратуры чытаю па псіхалогіі. У знешнім жыцці прымяняць атрымліваецца, а як да маці справа даходзіць, так і я і яна зрываемся на крык. Што рабіць?

Ігар, 27, музыка: Навучыцца будаваць адносіны нельга, гэта ілюзія. Трэба вучыцца «быць Сабою», разумець, чаго хочаш і хто ты ёсць насамрэч, а спрабаваць быць такім, якім цябе жадаюць бачыць іншыя, глупства. І навошта з імі будаваць нейкія адносіны? Адносіны павінны быць святам, а не «працай» і «цярпеннем».

Аляксандр, 49 (сацыяльны досвед утаіў): Усе праблемы ад няслушнага выхавання. Вось маё пакаленне бацькі вучылі, што па-сумленнаму, гэта – калі ўсім пароўну. Зараз я разумею, калі ты не чакаеш ні ад каго дапамогі і разумення, ты ні да каго не прад’яўляеш прэтэнзій. А калі раптам гэтае разуменне атрымліваеш – бываеш насамрэч шчаслівы.

Аляксандр, 30, прадпрымальнік: Чым далей жывеш ад бацькоў, тым больш іх любіш!

Л.Леонт

Ілюстрацыя http://www.lady.ru