Як пачыналася вайна

|

Пра самы таямнічы, на мой погляд, выпадак, які адбыўся ў гэты дзень, я даведаўся з літаратурнага часопіса «Новый мир».

У першым і другім нумарах за 1967 год друкаваліся ўспаміны Героя сацыялістычнай працы, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР Васіля Емельянава “Пра час, пра таварышаў і пра сябе”. Гэты чалавек у даваенны час працаваў на розных інжынерных і кіруючых пасадах, быў датычны да стварэння шматлікіх буйных прамысловых прадпрыемстваў Савецкага Саюза.


Напярэдадні вайны ён атрымаў пуцёўку ў сочынскі санаторый і раніцай 22 чэрвеня 1941 года накіраваўся на цягніку з Масквы да месца адпачынку. У дарозе ў другой палове дня ён даведаўся пра вайну.


Успамінаючы тыя гадзіны, Васіль Емельянаў пісаў:


“У Белгарадзе цягнік спыніўся, і ў суседні вагон сеў новы пасажыр. Мы сталі распытваць яго пра навіны, і ён падрабязна расказаў нам усё, што ведаў сам.

-Сёння ў шэсць раніцы я сам слухаў радыёперадачу, – казаў ён. – У Германіі дзяржаўны пераварот. Гітлер арыштаваны. Да ўлады прыйшоў урад Рыбентропа. Савецкія войскі ўвайшлі ў Варшаву. Новы ўрад Германіі просіць перамір’я.

Мы слухалі яго і верылі ўсяму, што ён гаварыў. Верылі таму, што для нас вайна ўсё ж была поўнай нечаканасцю. Да таго ж усе мы знаходзіліся пад уражаннем ваенных аперацый у Польшчы, якія так лёгка закончыліся”.


Калі я ўпершыню прачытаў гэтыя радкі, то не паверыў сваім вачам.

Вось гэта навіна пра вайну! Прычым у адкрытай савецкай крыніцы.

У 1967 г. рэдактарам «Нового мира» быў Аляксандр Твардоўскі. Добра вядома, з якімі цяжкасцямі выходзілі нумары часопісу. А тут такі абзац, надрукаваны без усякіх перашкод цэнзуры. На савецкім радыё нават невялікае паведамленне пра які-небудзь кароўнік у калгасе не магло прагучаць без дазволу начальства, тым больш у сталінскія часы. А каб цэлая перадача?


Можа, чалавек у цягніку што-небудзь пераблытаў у гарачцы таго дня?

І я, размаўляючы з ветэранамі (а такіх размоў былі дзесяткі), кожнаму з іх задаваў пытанне: як ён сустрэў вайну, што канкрэтна запомнілася ў яе першы дзень?

Таямнічая перадача нідзе не ўзгадвалася, пакуль у в. Барава Іўеўскага раёна я не сустрэўся з Віктарам Чакавым. Віктар Канстанцінавіч нарадзіўся ў 1919 годзе ў Сяміпалатінску, маленькім хлопчыкам бацька прывёз яго на сваю радзіму – у Заходнюю Беларусь. У 1939 г. юнака прызвалі ў Чырвоную Армію.


-А ведаеш, – сказаў мне ветэран, – у нашым падраздзяленні пра вайну даведаліся ўжо раніцай 22 чэрвеня. Па радыё нешта такое перадавалі.

-Не з выступлення Молатава апоўдні? – удакладніў я.

-Не, на раніцы было паведамленне. У нас у казарме гэтая “талерка” амаль ніколі не змаўкала.


Так я атрымаў пацьвержанне таго, пра што ўпершыню даведаўся з успамінаў Васіля Емельянава.

Віктар Чакавы прайшоў праз усю вайну. Гэта яго аддзяленне зімой 1942 г. вызваліла падмаскоўную вёску Пятрышчава, дзе вяскоўцы расказалі салдатам трагічную гісторыю маскоўскай партызанкі, якую немцы схапілі і павесілі. Байцы аддзялення дасталі цела дзяўчыны з-пад снегу, пахавалі і на магіле ўсталявалі першы сціплы драўляны помнік. Хутка яе імя – Зоя Касмадзям’янская – стала вядома ўсёй краіне.


Але ж вернемся да загадкавай радыёперадачы.

21 чэрвеня 1941 года вядомага савецкага паэта Канстанціна Сіманава выклікалі ў Радыёкамітэт у Маскве і прапанавалі тэрмінова напісаць тэксты дзвюх антыфашысцкіх песень.

Здавалася б, навошта? З Гітлерам на той момант – мір і сяброўства. Гэта калі прытрымлівацца афіцыйнай савецкай версіі. А калі згадзіцца з меркаваннем Віктара Суворава, што Сталін рыхтаваў “вызваленчы” паход у Еўропу ўжо ў 1941 г., то ўсё становіцца больш-менш ясным.


Цалкам магчыма, што адначасова з ударам Чырвонай Арміі, планавалася зрабіць пераварот у самой Германіі. І нават адпаведнае паведамленне для радыё паспелі падрыхтаваць. Прыйшла навіна пра пачатак вайны – і перадача пайшла ў эфір. Здаецца, ніхто і падумаць тады не мог, што вайна пачнецца вось так, нападам Гітлера. Таму нідзе потым афіцыйна гэту падзею і не ўзгадвалі.


Здымак  http://www.liveinternet.ru