Гарадзенскі музей Багдановіча адзначыў 10-годдзе смерці Быкава

У частцы экспазіцыі пад назвай “Літаратурная Гарадзеншчына” былі прадстаўлены кнігі пісьменніка, яго фотаздымкі, аўтографы. Таксама можна было пазнаёміцца з фотаздымкамі сяброў і знаёмых Быкава, рукапісамі, дакументамі і кнігамі.

 

Апроч выставы наведвальнікі маглі паглядзець два фільмы. Адзін дакументальны, зроблены яшчэ пры жыцці пісьменніка, і мастацкую стужку “У тумане” рэжысёра Сяргея Лазніцы, знятую па матывах аповесці Васіля Быкава.

 

На адкрыццё выставы прыйшло зусім мала наведвальнікаў. Аднак дырэктарка музея Святлана Рапецкая не наракае:

 

“Так бывае, што на адкрыццё выставы прыходзіць няшмат людзей, а потым выстава карыстаецца папулярнасцю. Таму, калі ласка, прыходзьце на выставу, толькі папярэдне ўдакладняйце, каб групы не перасякаліся.

 

З нашай выставы можна даведацца пра шмат якія моманты жыцця пісьменніка. Гэтымі інфармацыямі валодаюць толькі даследчыкі ці тыя, адмыслова цікавіўся і чытаў шмат кніг”.

Выстава будзе дзейнічаць з 22 чэрвеня па 31 жніўня 2013 году. Замовіць экскурсію можна па тэл. 8 (0152) 72 22 54

 

Здымкі аўтара і Вольгі Мілавай