Пашыранае польскае консульства адкрыецца ў верасні

Цяпер консульства займае ўжо цэлы паверх будынку па вул. Будзёнага 48а. З верасня палепшыцца сістэма прымання наведнікаў. У новай частцы з’явяцца дзевяць вакенцаў для прымання візавых анкет.

Расказвае генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч (на здымку ў новых памяшканнях):

 

“Цяпер маем добрыя ўмовы працы для консулаў і мясцовых супрацоўнікаў, як на тутэйшыя магчымасці. У старой сістэме было шэсць вакенцаў: чатыры ў будынку і два на вуліцы. Зараз іх колькасць павялічыцца да 11. З’явяцца новыя пакоі для прымання зацікаўленых бакоў.

 

Безумоўна, лепшымі сталіся памяшканні, дзе працуюць консулы. Нарэшце ім не прыйдзецца сядзець па тры чалавекі ў адным пакоі. У старым “вагончыку” на вуліцы будуць увесь дзень выдаваць пашпарты з гатовымі візамі”.

 

Што тычыцца колькасці выдаваных віз, консул прызнаў, што пакуль не павялічыцца колькасць консулаў, шансаў на павелічэнне няма.

 

“У кожным з трох консульстваў у Беларусі працуюць па чатыры консулы. Гэта безумоўна за малая колькасць, але калі казаць пра беларускі бок, то ад яго няма нават згоды, каб распачаць размовы на гэтую тэму” – кажа спадар Хадкевіч.

 

Дванаццаць консулаў цягам году выдаюць ва ўсёй Беларусі 350 тысяч віз, то бок кожны з іх – больш за 110 у дзень. Беларускі бок не пагаджаецца на павелічэнне колькасці консулаў і консульстваў, а таксама блакуе ўвядзенне малога памежнага руху з Польшчай.

 

Здымкі з архіву ТС, а таксама Polskie Radio