Праз асвету – да лепшага свету
Сябра, Сяргей Салей, дадае:
– Ага, пішчаць, просяцца па-расейску, а ён ім кажа: не хочаце здаць іспыт, то можна і па-расейску. – І ўсміхаецца.
– Не, я такога не кажу. Яны могуць адказваць на любой мове, якую я разумею. З гэтым праблем няма. Хаця з гэтага году ў нас туркмены пачалі навучацца… Вось ім цяжка… Але веды іх гарызонту пашырыліся, акрамя права, яны будуць ведаць і беларускую мову, культуру…
Вось так выхоўваюць свядомых грамадзян на падставе беларускіх каштоўнасцяў. А пачалося ўсё ў 1995 годзе, калі 10 чалавек, якія ў той час вучыліся ў аспірантуры, утварылі арганізацыю маладых навукоўцаў «Віт».
«Віт» – старажытнабеларускае слова, якое азначае «свет». Свет як навука, як выхад з цемры, імкненне да ведаў. Так і вырашылі назваць арганізацыю. А місіяй абралі фармаванне нацыянальна-свядомага і сацыяльна-актыўнага грамадзяніна Беларусі праз правядзенне адукацыйных, асветніцкіх і інфармацыйных мерапрыемстваў.
>
Эмблема арганізацыі таксама з філасоўскім сэнсам: кветка дзядоўніка на фоне кола, а па баках стрэлкі. Кола – гэта сусвет, дзядоўнік – старажытны сімвал Беларусі, вось і атрымліваецца: якое месца Беларусі ў сусвеце і месца сусвета на Беларусі. Стрэлкі ў сваю чаргу азначаюць, што арганізацыя дзейнічае і развіваецца ва ўсіх накірунках.
Навука – справа тонкая!
На сённяшні дзень «Віт» здзейсніў 20 выданняў. Усе кнігі выдадзены па-беларуску, але ёсць пераклады на польскую. Дзве з іх удзельнічалі ў фестывалі нефармальнай адукацыі ў 2006 і 2008 годзе, дзе занялі першыя месцы.
Адна з першых кніжак – навучальны дапаможнік па канстытуцыйным праве Рэспублікі Беларусь для студэнтаў-юрыстаў. Гэты дапаможнік вельмі доўгі час быў фактычна адзіным матэрыялам, якім карысталіся ва ўсіх універсітэтах. Першае метадычнае выданне ў рэспубліцы па навучанні асновам права пры дапамозе інтарактыўных метадаў. Да гэтага ніхто такіх матэрыялаў не рабіў.
– Нам дапамагалі пісаць эксперт канстуцыйнага суда і доктар юрыдычных навук Мікалай Сільчэнка, суддзя канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў і шмат іншых, – удакладняе Ігар Кузьмініч, сябра арганізацыі. –Дапаможнік з’яўляецца ўнікальным, вытрымаў сем выданняў.
Пасля гэтага пачалі ладзіць сустрэчы па методыках выкладання. Было зроблена шмат праграм, групы трэнінгаў для выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў сярэдніх школ па інавацыйных метадах навучання – як эфектыўна навучаць пры дапамозе інтарактыўна-актыўных метадаў: так званае навучанне праз практыку, праз узаемадзеянне.
У галіне гісторыі таксама было шмат зроблена. Атрымалася так, што людзі, якія вучыліся ў аспірантуры ў суседніх універсітэтах, не ведалі, што займаюцца падобнымі тэмамі, а займаліся кожны сам па сабе. Таму ў 2002 годзе арганізавалі школу для навукоўцаў.
– Запрасілі ўсіх, хто займаўся Вялікім Княствам Літоўскім да нас, правялі 3-4 сесіі. Пасля чаго ўдасканалілі веды па навуковых методыках даследванняў. Гісторыкі ўсе паміж сабой перазнаёміліся і да сёння падтрымліваюць зносіны. Мы спрыялі ўтварэнню суполкі даследчыкаў ВКЛ з усёй Беларусі. Досвед беларускі распаўсюдзілі не толькі на беларусаў, але і на сяброў сеткі: Фінляндыя, Венгрыя, Літва, Латвія, Польшча, Украіна, Расія, – растлумачыў кіраўнік Сяргей Салей.
Не засталася без увагі і лінгвістыка. У час, калі адбывалася аднаўленне тарашкевіцы, адзін з сябраў арганізацыі Юра Пацупа – пісьменнік і паэт – працаваў рэдактарам, і па праблемах, звязаных з выкарыстаннем беларускіх тэрмінаў склаў дапаможнік для журналістаў. Каларытнае выданне для тых часоў.
Адукацыя грамадзян
Дзеля такой адукацыі ладзяцца навучальныя гурткі для дарослых, трэнінгі, звязаныя з лідэрствам, арганізацыямі (як павысіць актыўную дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў), каб пачынальнікі арганізацыі таксама атрымлівалі дакладны вынік. Яшчэ ў галіне грамадзянскай адукацыі «Віт» дапамагаў арганізацыям Трэцяга сектару. У 90-х гадах пры яго дапамозе па ўсёй рэспубліцы было зарэгістравана каля 20 грамадскіх арганізацый.
Ведай свае правы!
Гэтая галіна дзейнасці – самая развітая. У праграме прававой адукацыі і правоў чалавека была напісана найбольшая колькасць дапаможнікаў.
– Некаторыя напрацоўкі, якія мы прэзентуем, свае, адзіныя ў рэспубліцы і ў свеце. Дзякуючы ім, сябры нашай арганізацыі рабілі трэнінгі ў Сярэдняй Азіі, Каўказе, Літве, Украіне, Расіі, Венгрыі.
Усім гэтым арганізацыя займаецца дзеля таго, каб у выніку атрымліваўся нацыянальна – свядомы беларус і сацыяльна-актыўны грамадзянін, які будзе ахвотны да працы, змянення сітуацыі да такой ступені, якую ён лічыць правільнай і патрэбнай.
Юля Катаржынская