Мамаграфія – бясплатна і штогод

|

Калі 35 год таму ў Беларусі выяўлялася 800 захварэўшых у год, то зараз – каля 3, 5 тысяч у год. Па прагнозах мамолагаў у хуткай будучыні рак малочнай залозы пагражае кожнай 16-й беларусцы.

У апошні час рак грудзей значна памаладзеў. Калі раней гэты дыягназ ставілі пераважна жанчынам старэйшага ўзросту (ад 45 год), то зараз захворванне выяўляюць ужо ў жанчын 30-35 гадоў. Прычынамі развіцця пухліны могуць стаць многія рэчы – траўма, стрэс, гінекалагічныя захворванні, спадчыннасць і іншыя. Дзякуючы сучасным методыкам абследавання, сёння выяўляюць рак нават трохміліметровага памеру. Чым раней будзе высветлена прычына, тым лепей: рак вылечваецца на ранніх стадыях.

Адным з метадаў дыягностыкі раку малочнай залозы з’яўляецца мамаграфічны (рэнтгенаўскае абследаванне малочных залозаў), які дазваляе на ранніх стадыях дыягнаставаць захворванне. Мамаграфія — адзін з самых нізкадозных метадаў рэнтгенаўскіх даследаванняў. У адпаведнасці з сусветнымі дадзенымі, выкарыстанне мамаграфіі паменшыла смяротнасць ад раку малочнай залозы на 25%.

У Беларусі на мамаграфічнае абследаванне можа трапіць толькі жанчына, якую ўрач накіраваў для ўдакладнення дыягназу. Няма інфармацыі пра колькасць мамографаў і іх месцазнаходжанне. Вялікая ўвага надаецца самаабследаванню малочных залозаў і клінічнаму абследаванню. Жанчыне адводзіцца асноўная роля ў выратаванні ўласнага здароў’я. Як кажуць «Дапамажы сабе сама».

У ЗША, Скандынавіі, Галандыі і іншых заходніх краінах існуюць спецыяльныя праграмы масавага абследавання, у межах якіх кожная жанчына, якая дасягнула сталага ўзросту, раз у год абавязкова наведвае мамолага.

У снежні 2008 года стартавала кампанія «Мамаграфічнае абследаванне малочнай залозы – гарантыя жаночага здароў’я». Кампанія праходзіць на тэрыторыі гарадоў Смаргонь і Мазыр. Ініцыятарамі сталі сяброўкі Смаргонскага рэгіянальнага аддзялення ГА «Беларускай Асацыяцыі Маладых Хрысціянскіх Жанчын» (БАМХЖ) Марына Бялевіч і Ірына Фрэнкель.

Мэтай стала стварэнне ўмоваў для забеспячэння вольнага доступу да сучаснага і якаснага медыцынскага абследавання малочнай залозы – мамаграфіі.

У межах кампаніі былі распаўсюджаны буклеты, дыскі, падрыхтаваныя публікацыі ў СМІ пра праблемы захворвання, праведзены інфармацыйныя сустрэчы. Арганізатарамі быў падрыхтаваны зварот у Міністэрства аховы здароў’я, пад якім паставілі свае подпісы 592 чалавекі. У звароце гаворыцца: «Мы, жанчыны г.Смаргонь і члены нашых сямей, звяртаемся, каб прыцягнуць увагу да праблемы рака малочнай залозы ў жанчын ва ўзросце ад 50 год і старэйшых. …Мы хочам праходзіць прафілактычную мамаграфію ў сваім горадзе бясплатна і рэгулярна 1 раз у год, як гэта раяць дактары. Просім Вас стварыць умовы ў г. Смаргонь для мамаграфічнага абследавання жанчын на бясплатнай аснове».

Ужо зараз можна канстатаваць, што праблема, узнятая актывісткамі БАМЖ атрымала шырокі рэзананс і стымулявала прадстаўнікоў розных груп грамадскасці да пэўных дзеянняў. Напрыклад, у траўні была распачата дабрачынная акцыя «Месяц здароў’я жаночых грудзей», якая праводзілася ў Мінску з 4 траўня да 4 чэрвеня. У межах акцыі жанчыны мелі магчымасць бясплатна абследавацца ў лепшых мамолагаў Беларусі на базе цэнтра «Нардзін». Усе арганізатары – дактары, журналісты, валанцёры, рэкламісты аказалі сваю дапамогу бясплатна. На жаль, не ўсе жадаючыя змаглі атрымаць кансультацыю, бо ўжо ў першы дзень запісу стварылася чарга на месяц наперад.

У планах актывітак БАМЖ правядзенне Круглага стала па падвядзенні прамежкавых вынікаў кампаніі і планаванне новых дзеянняў па вырашэнні праблемы.

Лана Руднік