Афрыканская чума свіней змяніла жыццё Іўеўскага раёна

|

З продажу ў раёне літаральна за некалькі дзён зніклі ўмяшчальныя халадзільнікі і маразільнікі, нават дарагія імпартныя мадэлі. Тыя жыхары Іўеўшчыны, якія самі не займаліся свінагадоўляй, з нецярпеннем чакаюць вялікага базару ў Іўі ў пятніцу. Гавораць, што кошты на свініну будуць неймаверна нізкія. Дарэчы, у канцы траўня – пачатку чэрвеня тут ужо можна было набыць кілаграм свініны за пятнаццаць тысяч беларускіх рублёў.

 

Па раёне распаўсюджваюцца самыя неверагодныя чуткі, што быццам бы небяспечная хвароба выяўлена ў многіх населеных пунктах. Аднак афіцыйна гаворка ідзе толькі пра адзін выпадак захворвання афрыканскай чумой свіней у в. Чапунь.

 

На тэрыторыі вёскі ўсталяваны каранцін і ўведзены шэраг абмежаванняў. Тут былі канфіскаваны і знішчаны ўсе свінні.

 

На дарогах, што вядуць з вёскі, а таксама з 40-кіламетровай зоны вакол эпіцэнтра хваробы, дыжураць кругласутачныя ахоўна-каранцінныя пасты, на якіх дэзінфекуецца транспарт.