Як зберагчы ровар ад злодзеяў: парады міліцыі і раварыстаў

|

Сёлета злодзеі актывізаваліся з канца красавіка.

 

Калі ў сельскай мясцовасці крадуць “Аісты” беларускай вытворчасці, то ў Гродне ў асноўным знікаюць дарагія імпартныя мадэлі. Чужыя ровары здабываюць пераважна дзеля продажу і прадаюць за кошты ў два разы ніжэй за рэальныя, таму парада законапаслухмяным грамадзянам – не набываць тэхніку ў малазнаёмых людзей і без дакументаў.

 

У горадзе ровары знікаюць у асноўным з пад’ездаў, калі гаспадары пакідаюць іх на лесвічнай пляцоўцы, некаторыя нават не прышпіліўшы тросік.

 

Адзін з апошніх выпадкаў здарыўся на Дзевятоўцы, калі кампанія святкавала дзень народзінаў у кватэры другога паверху. Адзін з гасцей падняўся на паверх вышэй, убачыў на пляцоўцы добры ровар, узяў яго і паехаў дамоў.

 

Андрэй Сакалоў раіць не пакідаць ровары без нагляду, у пад’ездах – толькі ў скрайнім выпадку, і абавязкова карыстацца тросікамі, ланцужкамі і добрымі веласіпеднымі замкамі. А лепш за ўсё хаваць тэхніку ў тамбуры альбо падвал.

 

З пачатку лета не атрымліваецца адшукаць больш за 50 скрадзеных веласіпедаў.

 

Сярод злодзеяў – і дзеці, і дарослыя, некаторыя трапляліся міліцыі па некалькі разоў. Так, у Ленінскім раёне Гродна 12-гадовы хлопчык скраў два ровары, а два вучні ліцэя 1995 і 1996 гадоў нараджэння паспелі скрасці чатыры. У Лідскім раёне вучні восьмага класа здзейснілі тры крадзяжы, у Мастоўскім – мужчына без пэўнага месца жыхарства скраў два ровары.

 

50 скрадзеных за апошні месяц на Гарадзеншчыне веласіпедаў так і не знайшліся.

 

Як лепш засцерагчыся ад злодзеяў, гарадзенскія веласіпедысты абмяркоўваюць на форуме.


votodef раіць:


– Захоўваць дакументы на ровар і памятаць, што, набываючы яго без дакуметаў, рызыкуеш стаць гаспадаром скрадзенага транспартнага сродка.

– Пажадана сфатаграфаваць свой ровар і запомніць асаблівыя прыкметы (налепкі, драпіны і г.д.), – у выпадку крадзяжу гэта дапаможа ў пошуку.

– Самы надзейны спосаб абараніцца ад крадзяжу – не пакідаць ровар без нагляду.

– Нават калі адыходзіце на некалькі хвілін, скарыстайцеся велазамком і пакідайце машыну ў такім месцы, каб яе можна было бачыць з вакна, а хутказдымнае абсталяванне варта забіраць з сабой. Яшчэ лепш, каб “стаянка” ровара праглядалася камерай відэаназірання.

– Ровар варта прыкоўваць за кола і раму, а лепш – за абодва кола і раму.


Большасць інтэрнаўтаў-раварыстаў сыходзіцца на тым, што замок злодзеяў не спыніць, асабліва калі ровар крадуць на продаж, але больш надзейнымі лічацца дарагія замкі тыпу Ulock і калёныя ланцугі. Тросікі і ланцужкі з будаўнічых крамаў, “дапамогуць толькі ад алкашоў і іншых выпадковых мінакоў”, піша NickPC.


У любым выпадку, ад складанасці замка залежыць толькі час, неабходны на яго адмыканне, а ў некаторых выпадках злодзеі не спыняюцца ні перад чым: у ноч з 5 на 6 чэрвеня злачынца параніў сабаку-ахоўніка і ўсё ж скраў з-пад вокнаў прыватнага дома ТrekNavigator 2000.


Калі ровар усё ж скралі:


– Адразу звяртайцеся ў міліцыю.

– Запомніце час крадзяжу, пастарайцеся знайсці сведкаў.

– Вам спатрэбіцца пашпарт, дакументы на ровар, яго фотаздымкі і апісанне.

– Інфармацыю пра зніклы ровар размясціце ў адпаведнай тэме на форуме і распаўсюдзьце сярод сяброў-веласіпедыстаў.

– Праглядайце абвесткі пра продаж карыстаных ровараў.

– Калі адшукаеце свой веласіпед самастойна, не спрабуйце яго адабраць – адразу выклікайце міліцыю.


Здымак retroradio.hu