У Мінску прайшоў Чацвёрты фестываль беларускамоўнай рэкламы AD.NAK!

У гэтым годзе на конкурсную праграму было падзена 314 прац ад 105 удзельнікаў, сярод якіх упершыню былі літоўскія рэкламшчыкі. Гэта амаль столькі ж, колькі і ў мінулыя гады. Напрыклад, у 2012 годзе было пададзена 330 работ ад 110 удзельнікаў, а ў 2011 годзе – 272 работы ад 100 удзельнікаў. Аднак, як кажуць арганізатары, палепшылася якасць прадстаўленых прац.

Фестываль распачаўся раніцай урачыстым адкрыццём і запускам у неба чырвона-белых балонікаў – афіцыйных колераў фестываля. І хоць асноўныя мерапрыемствы праходзілі ў памяшканні, арганізатары зрабілі ўсё, каб наведвальнікам, а іх было больш за 300, было прыемна бавіць час у перапынках.

На вуліцы можна было пагуляць у фрысбі, атрымаць свой партрэт, які перад вамі намалюе мастак, паспаборнічаць у трапнасці, ды ўвогуле добра правесці час сярод сяброў ды аднадумцаў.

Урачыстаму ўзнагароджанню пераможцаў конкурса ў 13 намінацыях і 4 конкурсах папярэднічала адукацыйная праграма. Увесь дзень можна было паслухаць лекцыі па рэкламе, піяру ці маркетынгу, а таксама паўдзельнічаць у семінарх і дыскусіях.

Найбольшую цікаўнасць выклікаў японскі рэкламшчык, дырэктар агенцтва PARTY Кванта Сімідзу, неаднаразовы ўладальнік “Канскіх ільвоў”, які распавёў прысутным аб асаблівасцях рэкламнага бізнесу ў Японіі.

 

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбывался напрацягу ўсяго вечара і ў чатырох дзеяннях.

 

Журы фестываля складалася з вядомых беларускіх рэкламістаў. Менавіта яны выбралі самыя лепшыя працы: ад друкаванай і вонкавай рэкламы да СМІ альбо медыя-праектаў. Сярод намінацый была і антыпрэмія, якая называлася “Каша сувораўская”.

У некаторых намінацыях першых месцаў не было вызначана. Затое гран-пры былі ажно два. Іх атрымалі праект “Шляхетная парцаляна ручнога вырабу KARALI” ды відэапраект Край.by для кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

На фестывлі былі свае рэкардсмены. Напрыклад, найбольш дыпломаў атрымала рэдактарка партала Generation.by Воля Кузьміч, узяўшы восем (!) дыпломаў. Сярод іх – тры першых месцы за працы “Ня быць скотам! А быць з котам” (у намінаці “Сацыяльная рэклама”), “Як чуецца – так і малюецца” (у намінацыі “Дызайн & Art Direction”) і праект “Назірай, каб быць у курсе” (ізноў у намінацыі “Сацыяльная рэклама”). Яна ж атрымала адмысловы прыз ад Кіеўскага міжнароднага фестывалю рэкламы – поўную акрэдытацыю на мерапрыемства.

Фестываль праходзіў у цёплай сяброўскай атмасферы. Мерапрыемства сабрала тых, хто намагаецца, каб рэклама ў Беларусі была не толькі якасная, але і беларускамоўная. Як кажуць арганізатары, для вялікіх замежных кампаній беларуская мова – не праблема, а вось малыя мясцовыя прадпрыемствы пакуль да беларусізацыі сваёй прадукцыі не дайшлі. І гэта нягледзячы на тое, што фестываль AD.NAK! праводзіцца чацверты раз і заўсёды прыцягвае ўвагу грамадскасці.

У канцы, калі ўсе прызы і статуэткі былі раздадзеныя, а словы ўдзячнасці сказаныя, гурт “Палац” зладзіў сапраўдную беларускую дыскатэку.

 

Здымкі Аляксандра Ждановіча і Зарыны Кандрацьевай, budzma.org