Пераможцам конкурсу пра гісторыю паўстання 1863 года стаў хлопец са Слоніма

|

Першае месца і галоўны прыз узяў малады гісторык Васіль Герасімчык са Слоніма; другое і трэцяе месцы – адпаведна Павел Абламскі з Брэста і Алесь Лапо з Нясвіжа.

 

Конкурс “Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага” праводзіўся ў інтэрнэце. У ім узялі ўдзел каля шасцісот чалавек, дзесяць з якіх сталі фіналістамі. Прыехаць на фінальнае спаборніцтва змаглі толькі чацвёра. Ім трэба было пісьмова адказаць на пытанні з гісторыі паўстання 1863 года, а таксама выканаць вуснае заданне.

 

align=”left” alt=”Васіль Герасімчык” >

“Калі я займаўся ў расійскай ВНУ, – сказаў пераможца, – паўстала праблема, якім даследаваннем займацца, і менавіта тады я паставіў перад сабой задачу вызначыць, хто ж такі Кастусь Каліноўскі. Для мяне гэта было цікава, а калі ўніверсітэт яшчэ дае магчымасць займацца такім даследаваннем, гэта проста фантастыка.Мне гэта застаецца цікавым дагэтуль, хоць мой навуковы інтарэс ахоплівае значна большую тэму, чым паўстанне 1863–1864 гадоў. Увогуле мне цікавая ўся гісторыя Беларусі”.

 

На здымку – Васіль Герасімчык на канферэнцыі “Паўстанне 1863 года на Гарадзеншчыне”, 25 траўня 2013, Гродна

 

 

“Конкурс – адзін з элементаў святкавання памятных дат, звязаных з 150-мі ўгодкамі паўстання Кастуся Каліноўскага, – падсумаваў вынікі конкурсу член аргкамітэта “Года Кастуся Каліноўскага” Юрась Губарэвіч. – Мы вельмі ўсцешаныя тым фактам, што вялікая колькасць маладых людзей адгукнулася і прыняла ўдзел у першай частцы конкурсу.

 

Больш за 600 чалавек прайшлі даволі цяжкі тэст, які ўключаў 30 пытанняў, падрыхтаваных гісторыкамі, даследчыкамі тэмы паўстання. Шмат хто з удзельнікаў конкурсу набраў досыць вялікі ўзровень балаў. Гэта дазваляе сказаць, што тэма паўстання ў Беларусі не забытая, што ёсць моладзь, якая цікавіцца тым перыядам мінулага.

 

Тэма конкурсу дала магчымасць папулярызаваць саму падзею, пашырыць веды пра паўстанне сярод наведвальнікаў інтэрнэта, што само па сабе важна для гістарычнага, патрыятычнага выхавання маладога пакалення беларусаў”.

 

Відэа Андрэя Корсака, БелаПАН