Веламарафон “Еўропа без межаў” завітаў у Гродна
З 2 ліпеня марафон пралягае па тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Учора, у дзень адпачынку ўдзельнікаў, адбылася экскурсія па гістарычных мясцінах Гродна. Яна пачалася з агляду панарамы горада з высокага левага берагу Нёмана: вуліцы Дарвіна і Францішканскага касцёла. Пасля ўдзельнікі марафону наведалі старыя могілкі па вуліцы Антонава і магілу Элізы Ажэшкі. Затым на роварах адправіліся па маршруце: Брыгіцкі касцёл – домік Элізы Ажэшкі – Сабор – Кірха – парк імя Жылібера – Савецкая плошча – Стары і Новы замкі – Каложская царква.
Сёння, 4 ліпеня, удзельнікі маюць даехаць з Гродна да літоўскай Варэны.
624-кіламетровы маршрут, які пралягае па тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы, удзельнікі прабегу адолеюць за 11 дзён. Фінішуюць спартсмены 8 ліпеня ў Лідзе.
Арганізатарамі велапрабегу выступілі: велаклуб “Кола-БОК” (Брэст, Беларусь), велаклуб MOSiR (Мендзыжец Падляшскі, Польшча), велаклуб ESKAPADA (Беласток, Польшча), спартыўны клуб “Баторый” (Гродна, Беларусь), спартыўна-турыстычны клуб STARTAS (Вільнюс, Літва).
Першы здымак – удзельнікі прабегу 28 чэрвеня ў Мендзыжэцу Падляшскім, miedzyrzecka.pl