Якія святы нам патрэбныя?
З раніцы мы глядзелі па тэлебачанні ваенны парад у Мінску. Тысячы людзей, тэхніка, салдаты. Па афіцыйных дадзеных, у ім былі задзейнічаны больш за тры тысячы вайскоўцаў і каля 150 адзінак баявой тэхнікі, а яшчэ шмат студэнтаў, парацаўнікоў прадпрыемств, якіх, напэўна, ніхто і не лічыў. Незалежныя эксперты ацанілі кошт параду ад 300 тысяч да 1,5 млн. долараў.
А вось на вуліцах Гродна ўсе было значна прасцей. Але таксама парад, працаўнікі прадпрыемстваў са сцяжкамі і шарыкамі. Да абеду афіцыйная частка – парад і мітынг – скончыліся. Тэхніку, якую прывезлі ваенныя на плошчу Тызенгаўза, абляпілі дзеці і дарослыя. Гэта, а яшчэ салют і канцэрты – вось і ўвесь бясплатны інтэрактыў.
Хаця, трэба шчыра сказаць, што тэхніка – вельмі файны атракцыён. Надзвычай цікава паглядзець, што там унутры ў БТРы. Ветлівыя вайскоўцы цярпліва падсаджвалі, дапамагалі дзецям забрацца ў кабіны, апраналі ім шлемы танкістаў ды распавядалі кожнаму, што тут да чаго. Людзей туды было – не прабіцца!
У парку Жылібера ўсё адбывалася па традыцыйным сцэнары – шашлыкі, гандлёвыя намёты, чэргі да атракцыёнаў, канцэрт народных спеваў, шарыкі-балонікі. З калонак несліся патрыятычныя спевы пра Радзіму і любоў да яе. Мілітарысцкая афарбоўка свята прысутнічала ўсюль.
Ці патрэбныя нам такія святы? Можа і так. Для адчування сваёй годнасці, напрыклад. Трэба ж нечым ганарыцца. Пакажуць парад і ўсю новую тэхніку – і ўжо ведаеш, што мы не самая апошняя краіна ў свеце. Аднак, акрамя гэтых святаў, павінны быць іншыя, ці не так?
Не так даўно мы былі на свяце нацыянальных культур у Вільні. Здаецца, усё тое ж самае – шмат народу ў цэнтры горада, шашлыкі, ежа, выступы народных калектываў. Але атмасфера чамусьці зусім іншая. На ўвесь цэнтр, дзе праходзіла свята, былі толькі два даішнікі, якія рэгулявалі рух на суседніх вуліцах. Людзі хадзілі па галоўным праспекце, усміхаліся. Усё культурна ды спакойна, без чэргаў ды прапускоў у зону свята. Ніякіх абавязковых сцяжкоў і спісаў з працы. Можа таму, што людзям там проста цікава і атмасфера іншая?
Мне не хапае сапраўдных святаў. З атмасферай, вулічнымі музыкамі, вулічнымі тэатрамі, таннай ежай, усмешкамі на тварах гараджан ды рознымі простымі атракцыёнамі, рухомымі гульнямі ў парку ды спантанымі пікнікамі на газонах.
Ва ўсёй Еўропе лета – час невялікіх лакальных вулічных святаў ды фэстаў на любы густ, без “абязалаўкі”. Час, калі весялосць і расслабленасць проста лунаюць у паветры. На жаль, нам застаецца Дзень Незалежнасці – з парадам, шашлыком і праходам праз КПП на месца, дзе праходзіць святочны канцэрт ды салют. Па такім самым сцэнары пройдзе і дзень горада, і дзень яшчэ чагосьці. Застанецца, пасля ўсяго гэтага цяжкае пачуццё марна страчанага часу ды грошай.
Паспрабуйце знайсці адрозненні паміж Днём Незалежнасці і Днём Перамогі | ||
А якіх святаў не хапае вам? Выказвайцеся ў каментарах.