Італійскі страйк літоўскіх памежнікаў: кіроўцам лепш перачакаць

|

У прыватнасці, у кірунку “Каменны Лог” – “Мядзінінкай” літоўскі бок на дадзены момант прымае каля васьмі машын у гадзіну. Звычайна памежнікі за 60 хвілін паспяваюць “апрацаваць” 30-40 транспартных сродкаў.

 

Затое хуткасць афармлення аўто на ўезд у Беларусь не знізілася.

 

Каб не дапусціць чэргаў, Беларускі дзяржаўны памежны камітэт за некалькі дзён папярэдзіў аўтамабілістаў пра страйк літоўскіх памежнікаў.

 

Падобна, каб не рызыкаваць, большасць вырашыла адмовіцца сёння ад паездак у Літву аўтатранспартам, шмат хто паспяшаўся пераадолець мяжу да пачатку акцыі пратэсту.

 

Тым не менш, па інфармацыі gpk.gov.by на 17 гадзін, у “Каменным Логу” і “Беняконях” чаргі на выезд чакаюць па 70 легкавых аўтамабіляў.

 

Пры такой хуткасці працы персанала, многія з іх змогуць трапіць у суседнюю краіну толькі 10 ліпеня. У “Прывалцы” і “Катлоўцы” сітуацыя значна лепшая.

 

Літоўскія памежнікі ўдзельнічаюць у акцыі пратэсту супрацоўнікаў сістэмы ўнутраных спраў краіны, якія патрабуюць павелічэння фінансавання і рэформаў.

 

Паліцэйскія, пажарныя і памежнікі правялі пікеты ў дзень візіту ў Вільню сябраў Еўракамісіі. У дадатак, сёння памежнікі пачалі так званы італійскі страйк, калі дакладна выконваюцца ўсе працоўныя інструкцыі, а ўсіх, хто пераязджае мяжу, даглядаюць асабліва доўга і ўважліва.

 

Страйк на літоўскай мяжы працягнецца тры дні.

 

Беларускі дзяржаўны памежны камітэт абяцае інфармаваць пра ўсе змены.