На Юбілейным возеры патанула жанчына, а ў Румлёве – хлопец
Паводле начальніка вадалазна-выратавальнай службы Гродзенскай абласной арганізацыі Таварыства выратавання на водах, трагедыя на Юбілейным здарылася пасля таго, як людзі палезлі ў ваду, выпіўшы піва.
Кампанія з трох чалавек адпачывала на возеры ў нядзелю і вырашыла паплаваць у баку ад галоўнага пляжа, за межамі агароджанай зоны.
Пасля купання мужчыны выйшлі з вады, а іх сяброўка – не.
Сябры занепакоіліся пра знікненне жанчыны толькі хвілін праз 40.
Выратавальнікі прыбылі на месца праз 3 хвіліны пасля выклика і адразу ж знайшлі цела патанулай.
Як загінула жанчына, ніхто не бачыў, крыкаў пра дапамогу таксама не чулі.
Загінулая – 34-гадовая мінчанка – гасціла ў Гродне ў сябра.
Следчы камітэт распачаў праверку.
У Румлёве ў гэтыя ж выходныя патануў 25-гадовы хлапец.
Ён таксама не мясцовы, прыехаў з Воранаўскага раёна. Ягонае цела выратавальнікі знайшлі ў Ласосне, ніжэй па цячэнні ракі.
З пачатку года на Гарадзеншчыне патанулі 26 чалавек.
За мінулы сезон – 99 чалавек.
71 з іх – у прыродных вадаёмах, не прызначаных для купання, 22 – у калюжынах і бытавых ёмістасцях, 6 – у ваннах.
61 чалавек загінуў у нецвярозым стане.
Здымак http://wek.com.ua