Наваградскія школьнікі перамаглі ў конкурсе «Што я ведаю пра Еўропу?»

У ім спаборнічалі каманды-пераможцы паўфінальных гульняў, якія прайшлі ў траўні ў Магілёве, Гродне і Мінску:

• «Эўра-М» (Магілёў),

• «Беларускае кола» (Наваградак),

• «Разам» (Маладзечна)

• «DVDend» (Жодзіна).

 

У складзе журы былі старшыня Міжнароднага кансорцыўму «ЭўраБеларусь» Улад Вялічка, намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец, каардынатар студэнцкіх даследаванняў Эўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Ірына Луневіч, журналіст Вадзім Александровіч.

Вёў конкурс вядомы актор і тэлевядоўца Юрась Жыгамонт.

 

На пачатку гульні ўдзельнікаў віталі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус і нязменны арганізатар конкурсу, кіраўнік аргкамітэту Ігар Лялькоў.

Па выніках пяці этапаў, падчас якіх удзельнікі мусілі прадэманстраваць свае веды з гістарычнай геаграфіі Еўропы, біяграфій славутых дзеячаў еўрапейскай (у тым ліку і беларускай) культуры, навукі, палітыкі, выбітных асобаў паўстання 1863–64 гадоў і нават музыкі розных еўрапейскіх народаў, перамогу атрымала каманда «Беларускае кола» з Наваградку.

 

Пераможцы паедуць у Брусэль.