Да юбілею пажарнай службы: з візітам да гарадзенскіх выратавальнікаў
Атрад створаны ў 1996 годзе, размяшчаецца ля Юбілейнага возера на базе былой гасцініцы аэрапорта. Тут ёсць усё неабходнае для працы ў аўтаномным рэжыме цягам трох сутак.
У штаце атрада 104 чалавекі: пажарна-выратавальная служба з кіналагічным, вадалазным аддзяленнем, аддзяленнем сувязі і апавяшчэння; служба хімічнай і радыяцыйнай абароны і медыцынская.
Дзяжурная змена заўсёды гатовая выехаць на выклік
Байцы дзяжураць у тры змены па 27 чалавек. Занядбалы будынак яны адрамантавалі і ўпарадкавалі сваімі рукамі: у вольны ад працы час і паміж выездамі ў часе дзяжурстваў.
Начальнік атрада Віктар Кессо (на здымку злева) з гонарам паказвае комнату адпачынку, дзе байцы бавяць час паміж выездамі і кухню, абсталяваную ўсім неабходным для прыгатавання ежы.
Санчастка мае самае сучаснае абсталяванне для аказання хуткай медыцынскай дапамогі. Тут можна зрабіць рэнтген і кардыяграму сэрца.
У вучэбным класе байцы праходзяць інструктаж перад дзяжурствам.
Дыспетчар сочыць, каб байцы былі заўсёды ў курсе пра сітуацыю звонку.
У атрадзе 39 баявых адзінак тэхнікі.
Тут праходзіць выпрабаванне першая ў Беларусі эксперыментальная пажарная аўтацыстэрна ўмяшчальнасцю 10 тон вады: гэтага дастаткова, каб патушыць любы пажар у сельскай мясцовасці, дзе няма доступу да крыніцы вады. Тры вядучых масты дазваляюць лёгка перамяшчацца па любым бездарожжы.
Гідраўлічны ствол б’е на адлегласць да 50 метраў, вылівае 40 літраў вады ў секунду і працуе ў дыяпазоне 360 градусаў.
Рукаўны аўтамабіль гродзенскія выратавальнікі атрымалі ў межах міжнароднага супрацоўніцтва пры падтрымцы ЕС.
Яго выкарыстоўваюць для падачы вады на далёкія адлегласці: даўжыні рукава хапае на 1600 метраў. У камплекце – пажарна-насосная станцыя, мотапомпа, рэзервуар на 2,5 тоны вады. Аўтамабіль незаменны ў часе тушэння пажараў у лясах і на тарфяніках.
Аўтамабіль хуткага рэагавання выязджае на ДТЗ, мае ўсё неабходнае, каб выцягнуць чалавека з люка ці калодзежа.
Аўтамабіль хімічна-радыяцыйнай абароны выязджае на ўсе прамысловыя аварыі, мае наборы для правядзення дэзынфекцыі, збору ртуці і знішчэння асіных гнёздаў, бандажы для спынення цечы з цыстэрны, гідраўлічныя інструменты.
Касцюм для абароны ад радыяцыі вагой 20 кг, які апранаюць выратавальнікі ў сітуацыі радыяцыйнага забруджвання, я прымерыла на сябе.
Намёт-модуль бароніць ад вільгаці і холаду. Выратавальнікі могуць яго разгарнуць цягам пяці хвілін.
Кіналагічная служба рыхтуе сабак для пошуку людзей ў завалах і лесапаласе. Першы сабака – чорны лабрадор Альфа – з’явіўся ў атрадзе ў студзені. У красавіку выратавальнікам падарылі белага Рамэо (на здымку ніжэй), а нядаўна на службу паступіла аўчарка Сімона.
Яны вельмі таварыскія і заўсёды рады пагуляцца. У штатным раскладзе атрада 4 сабакі, – адно працоўнае месца пакуль вольнае.
Старшы інструктар-кінолаг Міхаіл Гатоўчыц вучыць Альфу пошукам людзей пад заваламі, Рамэо – шукаць заблукалых у лесе. Сімона вучыцца ісці па следзе.
Сабак дрэсіруюць з 4-5 месяцаў. Найлепшая вучоба – праз гульню. Альфу трэніруюць з дапамогай яе ўлюбёнай цацкі: чалавек адбягае, трымаючы цацку ў руках, сабака кідаецца следам.
Спачатку трэніраваліся на адкрытай мясцовасці, пазьней Альфа вучылася адшукваць забаўку, а разам з ёй і чалавека, у завалах.
Мяне Альфа адшукала ў імправізаваных руінах за 20 секунд, але, каб стаць сапраўдным выратавальнікам і дапамагаць людзям у надзвычайных здарэннях, ёй давядзецца вучыцца яшчэ мінімум год.
Міхаіл трэніруе кожнага сабаку па паўтары гадзіны ў дзень. Сам гатуе ім ежу, корміць, лечыць, прыбірае вальеры. Калі кінолаг сыходзіць у адпачынак, сваіх гадаванцаў ён забірае з сабой.
У рэспубліканскай выставе лабрадораў літоўскі суддзя назваў Рамэо самым перспектыўным маладым лабрадорам у класе “БЭБІК” (узрост да 6 месяцаў). Альфа стала лепшым юніёрам-дзяўчынкай у сваім акрасе.
Музей пад адкрытым небам
Здымкі Яна Лялевіча