У Лунне адзначылі 110-я ўгодкі паэта Міхася Явара

Адзначэнне распачалося яшчэ ў хаце Лявона Карповіча, мясцовага актывіста, куды пачалі з’яджацца як мясцовыя, гэтак і госці з Мінску і Гродна.

Першай кропкай святкавання была вуліца Явара ў Лунне, засаджаная дрэвамі – яварамі. Магло б падацца, што гэтыя дрэвы пасаджаныя год сто таму. Аднак, гэтую думку аспрэчыў Лявон Карповіч (на здымку ніжэй), які распавёў, што дрэвы гэтыя пасаджаныя мясцовымі актывістамі з дзесятак год таму, калі мясцовую вуліцу Энгельса перайменавалі ў Явара.

Працягнулі ўшанаванне на могілках, дзе нядаўна адшукалі магілу паўстанца Яна Каменскага, якога апісала ў сваіх творах Эліза Ажэшка.

Запаленыя знічкі, невялікая прамова і ўжо рухаемся далей, да вёскі Навасёлкі, дзе на мясцовых могілках пахаваны паэт Міхась Явар. Тут адбылося чытанне вершаў ды доўгае чаканне яшчэ адной дзеючай асобы святкавання – Алеся Белакоза (на здымку ніжэй). Ён прыехаў амаль праз гадзіну і прачытаў прысутным лекцыю па гісторыі.

Апошняя частка адбылася ў вёсцы Мінявічы, дзе знаходзіцца хатка, у якой нарадзіўся Міхась Явар, на беразе Нёмана стаіць памятны камень “Марам Міхася Явара”, а побач у сасновым бары знаходзіцца магіла 40 паўстанцам Кастуся Каліноўскага.

 

Здымкі аўтара і Вольгі Мілавай