Фэст воркаўта ў Гродне прайшоў пад сцягамі Coca-Cola

Юнакі сабраліся на турніках спартовай пляцоўкі ГрДУ (вул. Захарава) і зладзілі вулічныя спаборніцтвы: падцягваліся на перакладзіне з 24-кілаграмовымі гірамі, адціскаліся на брусах з 32-кілаграмовымі, выконвалі сілавыя практыкаванні. Побач увесь час бегала жанчына-качка, а хлопец масавік-забаўнік агітаваў усіх выкрыкваць крычалкі.

“Workout – гэта моц! Workout – гэта клас! Перамога заўсёды чакае нас!” – крычаў хлопец, а за ім і ўсе заўзятары. Тым часам юнакі-воркаўтаўцы выраблялі зусім неверагодныя штукі на турніках: круціліся “сонейкам”, па-ўсялякаму загінаючы ногі.

     
  Больш пра стрыт-воркаўт у Гродне чытай тут.  
     

 

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання, дзе пераможцам уручалі фірмовыя майкі Coca-Cola Street Workout і дыпломы, я паразмаўляла з Сяргеем Зелянко – каардынатарам руху ў Беларусі (на здымку вышэй). Ён распавёў, што фестывалі Street Workout прайшлі ўжо ў васьмі гарадах: Ружанах, Бярозе, Гомелі, Баранавічах, Бабруйску, Асіповічах, Вілейцы і зараз у Гродне. Застаецца адборачны тур у Віцебску, а пасля – фінал у Мінску.

На фестывалі прысутнічала шмат юнакоў з іншых абласцей. Сяргей пракаментаваў гэта так: “У нас нібыта вялікая сям’я, і мы ўсе ездзім адзін да аднаго ў госці”.

Што тычыцца траўмаў, то хлопец запэўніў нас, што рызыка пакалечыцца – мінімальнае, таму што воркаўтаўцы сочаць за тэхнікай выкананння практыкаванняў.

 

Здымкі Яўгена Кандратовіча