Хмары свінцовыя ходзяць над “Нёманам”

|

Яшчэ пасля паразы ад “Мінска” (0-2) старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра меў “жорсткую размову” з трэнерскім штабам каманды і заявіў пазней журналістам, што не выключае пераменаў у кіраўніцтве клуба.

 

Параза ў гасцёх ад “Дняпра” (1-3), якая здарылася 14 ліпеня, адкінула каманду яшчэ далей за межы запаветнай шасцёркі, якая працягне ўвосень барацьбу за медалі чэмпіянату.

 

Між тым, кіраўніцтва вобласці, ад якога найперш залежыць фінансавы дабрабыт каманды, нават не разглядала ў пачатку сезона сітуацыю, пры якой камандзе Саладоўнікава давядзецца ў выніку змагацца толькі за 7-12 месцы.

 

Старт сезона абнадзеіў і заўзятараў і спонсараў каманды. Пасля чатырох тураў гарадзенцы ішлі на першым месцы, мелі ў сваім актыве перамогу на БАТЭ. Затым, аднак, справы разладзіліся.

 

Зусім кепска стала пасля таго, як у гульні супраць брэсцкага “Дынама” цяжкую траўму атрымаў лідар каманды Іван Дзянісевіч

 

Настаўнік “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў часта спісвае прычыны няўдач на нешанцаванне і судзейства на карысць супернікаў.

 

Вось і пасля гульні з “Дняпром” трэнер гарадзенцаў заявіў, што лёс сустрэчы вырашыў суддзя і што ў гэты дзень “футболам кіравала подласць”.

 

У адказ адзін з вядучых футбольных каментатараў, журналіст “Прессбола” Сяргей Новікаў напісаў, што “Нёман” ператварыўся ў каманду “измождённых истеричек” з-за бясконцых прэтэнзій Саладоўнікава да арбітраў.

 

Усё часцей незадаволенасць трэнерам выказваюць і заўзятары каманды. У якасці альтэрнатывы Саладоўніку называюць былога трэнера “Нафтана” Ігара Кавалевіча, які ў якасці гульца некалькі сезонаў быў капітанам “Нёмана”.

 

Лёс Саладоўнікава можа высветліцца ўжо 20 ліпеня, калі каманда будзе прымаць на сваім полі “Нафтан”.

 

Любы вынік, акрамя перамогі, зробіць шансы “Нёмана” на траплянне ў шасцёрку мізэрнымі.

 

Пасля гульні з наваполацкай дружынай гарадзенцам застанецца правесці на першай стадыі чэмпіянату ўсяго чатыры сустрэчы.

 

Тры з іх – з камандамі, якія ідуць у лідарах (“Шахцёр”, “Дынама-Мінск”, “Гомель”). Яшчэ адну – з “Тарпеда-Жодзіна”, якое таксама зацята змагаецца за тое, каб працягнуць барацьбу за медалі.

 

14 ліпеня. “Днепр”, Магілёў – “Нёман” 3-1 (Куган-2, Тупчый; Савіцкі).

 

На здымку: Сяргею Саладоўнікаву (у цэнтры) дастаецца зараз з усіх бакоў.

Фота goals.by