Палякі пабудуюць плот на мяжы з Беларуссю?
Януш Звёнзэк, Галоўны ветэрынарны доктар, Польшча:
“Ёсць магчымасць пабудовы сталага плоту. Еўрапейская камісія мусіць сур’ёзна задумацца над гэтым, бо пранікненне вірусу ў Польшчу азначае распаўсюд хваробы на тэрыторыі ўсяго Еўразвязу. Аднак гэта сур’ёзная інвестыцыя, якая каштуе некалькі мільёнаў еўраў і патрабуе часу”.
Польшча ўжо забараніла імпарт беларускай свініны. Цяпер жа на польска-беларускай мяжы – уважлівы кантроль, правяранне ўсёй прадукцыі ды адмысловыя дэзынфекцыйныя дыванкі.
“Гэтыя дыванкі доўга не паляжаць – толькі некалькі дзён. Пазней іх замяняюць на новыя. І ўся працэдура паўтараецца”, – тлумачыць прадстаўнік польскай памежнай службы.
Праверак на мяжы, аднак, недастаткова. Вірус пераносяць перадусім дзікі, якія свабодна перамяшчаюцца паміж краінамі. Першая пра намер пабудаваць гэткія фізічныя бар’еры, каб не дапусціць міграцыі дзікай жывёлы, заявіла Літва.
Афрыканская чума свіней невылечная і выклікае стоадсоткавую смерць жывёлы, аднак здароўю і жыццю людзей пагрозы не нясе. Чаму ж нашыя заходнія суседкі разам з іншымі краінамі Еўразвязу б’юць трывогу?
Януш Звёнзэк, Галоўны ветэрынарны доктар, Польшча:
“Стратаў немагчыма сабе ўявіць. Гэта азначае закрыццё ўсіх свінагадоўляў. Цалкам блакуе экспарт – перадусім з трэцімі краінамі. Таксама нават турыстычныя страты”.
Таму польскія ветэрынарныя службы прапаноўваюць беларускім калегам дапамогу ў барацьбе з вірусам ды заклікаюць да большай адкрытасці. “Мы можам выслаць адпаведных інспектараў-ветэрынараў. Важная і большая інфармаванасць насельніцтва”, – сказаў Белсату Януш Звёнзэк.
Тым часам улады Беларусі працягваюць захоўваць вакол гэтай тэмы атмасферу дзяржаўнай таямніцы. Афіцыйна пацвердзілі наяўнасць эпізаотыі толькі на Віцебшчыне ды Гарадзеншчыне. Аднак, вядома пра ачагі хваробы яшчэ прынамсі ў дзвюх абласцях – Мінскай і Брэсцкай.