ТОП-5 дарагіх карцін у галерэях Гродна

Калі на заводах заўсёды можна распісаць, з чаго складаецца кошт прадукцыі, то ў мастацтве, вядома, усё па-іншаму. Галоўнае, ад чаго залежыць кошт – імя аўтара, колькасць ў яго персанальных выставаў на радзіме і за мяжой, наяўнасць яго прац у мастацкіх музеях.

 

Можа стацца, што галерэя складае кантракт з мастаком і пасля дыктуе, па якіх коштах яму прадавацца. Здараецца і так, што мастакі адмыслова завышаюць кошт сваіх прац, каб яны доўгі час знаходзіліся ў галерэях і рабілі аўтару рэкламу.

 

Мы пастараліся сабраць пяць самых дарагіх карцін, якія на сённяшні момант упрыгожваюць сцены гарадзенскіх галерэй. Прадстаўляем іх у парадку ўзрастання коштаў.

 

5 месца. Галерэя “Хата мастака”, працы Наталлі Ляпкінай, цана 2 000 000

 

– Серыя прац была напісана мастачкай пасля паездкі ў Непал, дзе дзяўчына жыла пэўны час. Тут праглядаецца тэма будызма і мясцовага каларыту. На адной з карцін – сын духоўнага настаўніка Наталлі, – расказала гісторыю ўзнікнення твора дарэктарка “Хаты мастака” Жана Жукава.Наталля Ляпкіна – мастачка даволі вядомая ў Гродне. У нас была яе персанальная выстава. Яна ўжо мае сваіх пакупнікоў: людзі яе ведаюць, хтосьці нават серыямі купляе карціны.

 

– Наконт тэндэнцыяў казаць цяжка, але мне падаецца, – працягвала Жана, – што народ наш ужо адышоў ад рэалізму. Калі раней былі запатрабаваны рэалістычныя пейзажы, нацюрморты, то зараз пад сучасныя інтэр’еры людзі абіраюць нейкія абстрактныя філасофскія карціны.


4 месца. Галерэя “У майстра”,  Васіль Мартынчук “Вавілонская башня”, цана 4 253 000

 

– Васіль Мартынчук – гарадзенскі мастак. Ён рабіў серыю прац на біблейскую тэматыку. Гэта “Вавілонская башня”, а ёсць яшчэ “Каханне караля”, ёсць “Давідавы песні”, – расказала дарэктарка галерэі, мастацтвазнаўца Ала Матук. – Праца гэтая – паўтор з выставы, што ладзілася ў Варшаве. Звычайна паўторы каштуюць троху танней за арыгіналы, але творчасць Васіля даволі папулярная і ў нас, і на Захадзе – таму вось так…

Спадарыня Ала заўважае, што зараз гарадзенчаў цікавіць крэатыўнае мастацтва, а класічны рэалізм ужо троху надакучыў. Але ж карціны, якія адлюстроўваюць Гродна і гарадзенскую архітэктуру актуальныя заўсёды.

 

– Трэба адчуваць мяжу паміж высокім мастацтвам і тым, што прынята называць “кічам”. Таму што звычайна спажывец просіць нешта такое, каб яно было “Ах!”. Калі ты паказваеш яму нешта высокае, ён кажа: “Не цікава”. Яны хочуць нешта “ВАЎ”  – феерверку фарбаў…

 

Аднак мае меркаванне мастацтвазнаўцы не заўсёды правільнае. Пакуль працую тут, зразумела, што колькі карцін – столькі і пакупнікоў. Гэтаксама, як колькі хлопчыкаў, столькі і дзяўчатак, якім яны падабаюцца.


3 месца. Гарадзенская выставачная зала, Сяргей Грыневіч “Ванна Клеапатры”, кошт 9 800 000

 

– Грыневіч – адзін з самых знакамітых мастакоў у Гродне. Ён выстаўляецца ў Швейцарыі, Польшчы, Кіеве, Маскве, – расказала пра аўтара карціны дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч. – У свой час ён скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. Гэта мастак-манументаліст, такіх прафесіяналаў выпускаюць 5-6 чалавек у год і яны валодаюць рознымі тэхнікамі. У старым корпусе універмага ёсць вітражы Грыневіча, у 4-й лякарні – яго графіка на сценах. Грыневіча ўсе ведаюць і ўсе галерэі хочуць з ім супрацоўнічаць.

 

Як лічыць спадарыня Ірына, галоўны крытэр, па якім гарадзенцы зараз абіраюць карціну, – “каб падабалася і пасавала да інтэр’еру”. Але зацікаўленасць мастацтвам ідзе зараз на спад: як у Гродне, так і ў Мінску карціны купляюць радзей.


2 месца. Галерэя “Тызенгаўз”, Ганна Сілівончык, кошт каля 13 000 000

 

Ганна – вядомая мінская мастачка. Шматслойнасць і метафарычнасць яе выяўленчай мовы ўражвае. Творчасць Ганны гэта своеасаблівая філасофія жыцця, народжаная з глыбінных эмацыйных перажыванняў.


1 месца. Галерэя “Тызенгаўз”, Сяргей Грыневіч “Чарлі Чаплін”, кошт 18 250 000

 

– Аўтар – Сягрей Грыневіч, і, я думаю, гэтым усё сказана, – была нешматслоўнай дырэктарка галерэі Галіна Сарока.

 

– Кожная карціна павінна знайсці свайго чалавека. Да таго ж, у чалавека павінны аказацца грошы, якіх яна каштуе, – растлумачыла асноўную тэндэнцыю спадарыня Галіна. – А гэтыя параметры супадаюць рэдка. Таму прадаць добрую дарагую карціну ў наш час вельмі няпроста.

 

Мы паспрабавалі высветліць, колькі каштуюць карціны, што вісяць у арт-кафэ “Палітра”, аднак там нам чамусці сказалі, што карцін яны не прадаюць. На вока мы ацанілі, што сярод прац, што вісяць на сценах кавярні, дакладна павінны быць карціны ў дыяпазоне ад 5 да 10 мільёнаў, якія маглі б патрапіць у наш топ.

align=”middle” alt=”Арт-кавярня Палітра” >
 

У “Крыгу” мы завіталі акурат падчас пленэру польскіх і нямецкіх мастакоў, таму вырашылі не турбаваць спадарыню Марысю, бо ў дырэктаркі галерэі і без нас было шмат-шмат клопатаў. Але сапраўдныя аматары мастацтва ведаюць, што там можна сустрэць творы вельмі рознага кошту: як цалкам даступныя, гэтак і не вельмі.

 

Здымкі Яўгена Кандратовіча