У Гродне прэзентуюць апошні “Гарадзенскі палімпсест”
Кніга прысвечана вывучэнню мінуўшчыны Гродна як феномена лакальнай гісторыі, у якую ўвайшлі артыкулы даследчыкаў з Гродна, Мінску і Уроцлава. У кнізе звыш 400 старонак і каля сотні ілюстрацый.
Чарговы том “Гарадзенскага палімпсеста”, як і мінулыя зборнікі, з’яўляецца вынікам працы штогадовай міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая праходзіць у Гродне падчас Дзён Святога Губерта.
Гарадзенскі гісторык і адзін з аўтараў вышэй названага зборніка Алесь Смалянчук распавядае, што праца заключае ў сабе выразны гісторыка – біяграфічны ўхіл, у параўнанні ад мінулых гадоў. Па словах гісторыка, тэматыка матэрыялаў вельмі шырокая і разнастайная, матэрыялы заснаваныя на грунтоўным даследванні сацыяльнай антрапалогіі. Ёсць, напрыклад, артыкул, які прысвечаны крымінальнаму свету Гродна другой паловы 19 – пачатку 20 стагоддзя.
Пятая кніга “Палімпсеста” датычыць пераважна падзеяў сацыяльнай гісторыі горада.
Як зазначыў Алесь Смалянчук, пяты том “Гарадзенскага палімпсесту” стаў апошнім выданнем такога кшатлту. “Восенню мы распачнем новы праект пад назвай “Гістарычны соцыюм: гісторыя і памяць”, дзе асаблівасцю стане моцны акцэнт на параўнанні і разглядзе гісторыі Гродна ў кантэксце гісторыі іншых гарадоў Беларусі. Вынікам мы бачым таксама выданне зборніка навуковых даследванняў, але ўжо другога кшталту, адрознага ад “Палімпсесту”. Такім чынам, мы хочам даць новае жыццё нашай ініцыятыве і прыцягнуць новых людзей”.
Пачатак прэзентацыі “Гарадзенскага палімпесту2013” 23 ліпеня а 18.00 ў галерэі “Крыга”.