Марафон сяброўства з Гродна ў Друскенікі пройдзе ў трэці раз

Рэгістрацыя удзельнікаў цягнецца да 25 ліпеня на сайце марафона draugystesmaratonas.lt. Спаборнічаць могуць спартоўцы і аматары ва ўзросце ад 18 гадоў, якія прайшлі медыцынскі кантроль. Стартавы ўнёсак у ліпені складае 25 эўра.

 

Трэці міжнародны марафон паміж Беларуссю і Літвой пачнецца ад Стэлы на тэрыторыі спартовага комплекса “Нёман” у Гродна. Удзельнікі без спынення пераадолеюць мяжу праз  пункт пропуску “Прывалкі” і фінішуюць на цэнтральнай плошчы Друскенік. Асноўная частка трасы пройдзе праз сасновы лес.

 

На пераадоленне трасы адводзіцца 5 гадзін. На кожных пяці кіламетрах дарогі будуць знаходзіцца пікеты з пітной вадой, энэргетычнымі напоямі і фруктамі, на кожным дзясятым – біятуалеты. На трасе марафона будуць працаваць чатыры машыны медыцынскай дапамогі.

 

Самым старэйшым з зарэгістраваўшыхся сярод мужчын з’яўляецца Пётр Сілкін з Вільні (72 гады), сярод жанчын – Наталля Нізоўцава з Бранска (52 гады). Самым малодшым удзельнікам будзе васямнаццацігадовы Станіслаў Петрык з Бабруйска. Па дадзеных на 21 ліпеня зарэгістравалася 160 ўдзельнікаў, шостая частка з іх – жанчыны.

 

Першыя шэсць пераможцаў асобна сярод мужчын і жанчын узнагароджваюцца дыпломамі і грашовымі прызамі. За першае месца прадугледжаа адна тысяча даляраў, за шостае – сто даляраў.

 

Арганізатары марафона звяртаюцца з просьбай да кіроўцаў па магчымасці не выязджаць на трасу па маршруце Гродна – Друскенікі падчас прабега, каб не замінаць яго ўдзельнікам.

 

Здымак draugystesmaratonas.lt